***

Светлана Рыжкова 3
***
Як хутка вечарэе за акном:
Вось-вось была святлынь, а зараз – цемра,
І мроі ўздоўж пабеглі табуном…
Дзень адышоў. Ды не бяры да веры,
Што адблішчэла даль, як аксаміт,
Малінавы агонь спаліў аблокі…
У торбачку збіраючы блакіт,
Прыстала ноч, бы з доўгае марокі...
Прысела, павяла сваім крылом,
Крануўшы пер’ем месяцавы рогі,
Ахутала салодкім крэпкім сном
Чыесьці мары, клопат і трывогі.

На золку загарыцца новы дзень.
Трымаць яго за хвост  - дарэмны спрыт.
Мароз і спёку, сонейка і цень
Прымі, як дар, і адпусці  ў нябыт.