Даруй мне, Мiнск

Янина Пинчук
Даруй мне, Мінск, калі ласка,
Я шмат чаго не паспела.
Усё да чагосьці імкнулася,
А месца свайго не займела.
Не навучылася танга -
Не скончыла нават з сальсай,
Не вывучыла нямецкую,
Бо што я адно пра танцы?
Не злётала ў Іспанію,
Не знайшла тут сабе працы,
Не зарабіла грошай,
Тым больш – не змагла закахацца.
Не зладзіла ўласнай выставы,
Не надрукавала кнігі:
Твар лёсу – усмешка-здзек,
А жэсты – выключна фігі.
Мяне адарвала плынню
І аднясло імкліва –
Бывай жа, Мінск:
Я не паспела
Проста зрабіцца шчаслівай.
Праз год ці, можа, праз два,
Хто ведае, дзе апынуся...
Ды хочацца ўсё ж сказаць:
“Чакай мяне, Мінск, я вярнуся”.