Пакуль

Лаззаро
Паміж жыццем і смерцю, на мяжы
святла і цемры, шчасцейка і ліха,
душа спазнала, як салодка — жыць.
На свеце!  Жыць!  І дыхаць! Проста дыхаць!

Якая радасць — раніцай ізноў
злавіць паглядам сонечны праменчык —
і ўгледзець ласку Божую —   Любоў —
ва ўсім —  і перад  Ёй удзячна ўкленчыць.

І ўстаць —

І, "прыгубіўшы" новы дзень,
падзякваць
за "ігрыстае" імгненне,
прымаючы і мітусі "мігцень"
як міласць, і урок, і блаславенне.

Узяць —

і бултыхнуцца ў мора спраў
з вялікай (невыразнай!) асалодай —
нібыта і не жыў раней, а спаў,
прачнуўся — і "дарваўся" да свабоды.

Любіць —
усе крупіначкі жыцця,

цаніць
усё, што птушкай пралятае
 
пакуль...
дыхання пара (ці быцця?)
няўзнак,
бы аблачынка,
не растае...

14.05.2018



-----------------------------