Гэта ты...

Лаззаро
Я не ведаю, як гэта трасца завецца
і ці ёсць у ёй край ці  мяжа:
ледзь убачу цябе, зноўку тахкае сэрца
і аслаблыя рукі дрыжаць.

Адчуваю: бяда! Адшукоўваю, дзе бы
ўратавацца ад стрэчы з маной:
ледзь зірнеш на мяне — і зрынаецца неба
і збягае зямля пада мной.

У жудоце такой ці  далёка да згубы?
Ды вось дзіўна — хоць падай, хоць стой —
што не толькі з чароўнае люстры Ют'юба
мучыць вобраз агучаны твой.

А адкульсьці знутры і аднекулі звонку
І не збегчы, і прэч не прагнаць...

Ты — усюль.
Ты — заўжды.
Ты — прывід-забабонка.
Ты ўсё разам: і багна, і гаць,

і захмарнае сонца, і ўзімку — залева,
і у маі — зіма — на гады.
І усё, што не з правага боку, а злева —

гэта — ты,
гэта — ты,
гэта — ты...


15.05.17

-------------------------------


Белыя росы — не рэха мінулага "ўчора" —
любае "сёння" — і людзі, і маці-зямля:
мора нябёсаў цалуецца з морам азёраў —
i пакiдае ў iх сонейкi — бачна здаля.

Глянеш на свет з вышыні сакалінага лёту —
і уздымаюцца крылы жар-птушкі-душы.
Гэтак любоў ахінае, i прага палёту,
і хараством захапленне — хоць оды пішы.

Змейкі дарог аплятаюць лясы, лугавіны,
у гарады запаўзаюць, у вёсак "раі" —
бы акантоўваюць мілыя сэрцу карціны:
хатачкі, жыта, дубочкi, балоты, гаі.

Коні-аблокі пасуцца на пажыцях рэчак.
І, каб зусiм не заснуць ад павольнай хады,
у "даганялкі" гуляюць (звычайныя рэчы!)
з адлюстраваннямі — "сэлфі" на фоне вады.

Ветрык услед іх "чыпурыць"— то злева, то справа.
А перад тым, як зляцець на начлег у лясы,
з матчынай ласкай расчэсвае "чубікі" травам,
зоркі ўплятае ў плакучых бяроз валасы...

І закалыхвае кветкі, што хорам спяваюць
гімн прыгажосці: "Стаміліся? Ну, да відна!"
О, мілата-асалода! Краса векавая!
Ты ненаглядная, родная, ў сэрцы — адна!

А далагляды якiя! Прыедзеце ў госці —
ўбачыце самі, калi ў нас яшчэ не былі.
Трэба не только здымаць іх "на памяць" і "пОсціць",
а й берагчы, i ахоўваць — як цуды Зямлі.
.
25.10.2017

---------_------------

Кастрычнік. Лета — на вакацыях.
Ці на Мальдывах, ці на Мальце.
А восень — майстра дэкарацыі —
ў тры змены лепіць аплікацыі
на "арт-выстАвачным" асфальце.

Нястомна з промнікамі рыскае
ў бярозках, ясенях і клёнах —
і "дапрацоўвае" над рыскамі
іх "асвятлення" — і вятрыскамі
зрывае рэшту ў "асвятлёных".

І кружыць "злішкі" карагодамі —
як кошка з мышкамі, гуляе.
А, нагуляўшыся "свабодаю"
іх ілюзорнай, з асалодаю
пад ногі некаму шпурляе.

Дажджом чаканіць, рэтушыруе —
і клее кропель суперклеем
да тратуараў...
І пазіруе:
на фоне спыненага выраю —
лістоты
восеньскіх
алеяў...
 - - - - - - - - - - - ++-

Дзякуй Богу!
Вясна!
Алiлуя!
Дажылi!
Да "чырык" i "угу"
зноў сваю далучаю хвалу я —
ручаямi падзяк фантаную —
утрымаць унутры не магу.

Напаўняючы гелiем "ахi",
узмываю ў зенiт галубы
ў захапленнi — мiнаючы дахi,
на якiх славяць Госпада птахi —
верабейчыкi i галубы.

I лiкую! — Ад краю да краю —
там, дзе ўжо ледзяшы "адцвiлi",
ветры гiмны вясеннiя граюць —
бы гукаючы век сонцаграю
для абуджанай небам зямлi.

1.03.2018

-----------------


Вясна ўжо гасцюе. Келiшкам звiнiць.
Але "на закуску" —
зiма — "па-ангельску" не хоча "звалiць",
сыходзiць па-руску.

Стакроць "лабызаецца", "на пасашок"
"паўчаркi" "прымае",
з цвiка падзашэрпаны свой кажушок
гуллiва здымае.

Напялiўшы шапку, глядзiць у вакно:
"Падсохла дарога?"
Але за парожак нуду, ўсё адно,
не выправiць "З Богам!"

Яна то пажыткi свае растрасе —
мучыцу i манку,
то вернецца з тостам: "За то, каб усе!..",
а потым на ганку
раптоўна расплачацца першым дажджом
з апошнiм "растаем"...

Нiшто, капрызулечка, мы "падажджом" —
яшчэ пачакаем!


-----—----1------11---

Ночка красавiцкая.
Онiкс i вiсон.
Дзiрачкамi блiскае
неба-парасон.

Як нi зацыроўвае
iх маладзiчок,
"прорва" ў азяровую
“ночву", бы ў сачок,

сее мора блiскавак
(рыбак? матылькоў?):
гронкамi i нiзкамi,
велькiх i малькоў —

россыпам i жменямi
зерняў залатых...
Цешуся iмгненнямi,
стойваючы дых...


-----------------------

Люблю цябе, красунечка мая!
Пярлiначка, бязмерна дарагая!
Адзiная — з усiх, што маю я —
каму штодня на вернасць прысягаю.

Люблю цябе! Так светла, як анёл —
маленечкi "на ручках" у матулi
цi "рыцар" улюблены — хлапчанё,
што дзеўчыны "абраз" да сэрца тулiць.

Люблю, нiбы захоплены юнак,
жывiльныя твае азёры-вочы
i ўсмешку — ззянне сонейка — маяк,
што шхуне не дае на рыфы збочыць.

Люблю! I лён духмяных валасоў,
i пах галавакружны разнаквецця,
i спеў — любвi "мелодыi без слоў" —
усё, што немагчыма не прыкмецiць.

Люблю! Хоць я табе не любы муж,
о не! — ўсяготкi рэўнасны прыхiльнiк —
мастак апець цябе — "ў мiльёне руж" —
i зняць красу на памяць — на мабiльнiк.

Люблю! I не за штосьцi — проста так.
Праводжу ў любаце дзянькi i ночкi —
i млею — як прасветлены дзiвак,
якому шчасце — луг i матылёчкi.

Люблю! I той любовi не суняць.
А ты
не толькi мною так любiма...
Iмя?
Камусь iмя цiкава знаць?
Ну, што ж...
Яе завуць...

Мая Радзiма.

14.05.2018

--------------------------—---------------------------


Я дзякую вам!
За любоў, дарагія мае
сустрэчнікі і спадарожнікі шляху зямнога —
паплечнікі, звёўшыя тропкі — маю і свае —
на міг — і на век аб'яднаныя дальняй дарогай.

Я дзякую вам!
Як настаўнікам сэрца майго —
камусьці за ўрок (і за жорсткі, сябры, не крыўдую),
камусьці за ўзор і за прыклад яскравы таго,
як жыць, і любіць, і узносіць Тварцу "Алілуя!"

Я дзякую вам!
І вітаю, як сонца святло,
пачуцці і думкі высокія, ўчынкі і словы.
А хмаркі на небе... развеем, нібы й не было
між намі ніколі нічога даждліва-хмурнога.

Я дзякую вам!
І люблю вас, як тое дзіця,
якое, хаця й пасталела... да стану дарослых,
не вырасла з веры ў бясконцае свята жыцця
і ў тое, што ўсе мы — радня...

па зямлі і нябёсах.


-------—-------1111---------------------

Будзь у свеце святлом. Незгасальным. І ў думцы, і ў слове,
і ва ўчынку — любым, як у цемры паходня, свяці!
I ўсе "дзеі" свае насычай выпраменнем Любові,
ратавальней якой анiчога няма у жыцці.

Асвятляй ёю ўсіх, не мiнаючы хмарна нікога: :
і сваіх, і чужых, незалежна ад слоў іх і спраў,
дабрадзеяў і злых, i не толькі сяброў, а й нябогаў —
з ліку тых, хто калiсь лютым ворагам блiжняму стаў.

Прабачай i даруй, успрымаючы ўрокi з падзякай.
Бласлаўляй і ратуй ад сумневаў і прывідных крыўд.
І ўзамен не чакай для сябе ўзнагароды — ніякай,
хоць бы ты і душу па шмачотках усю раздарыў.

А калі час надыдзе і цела прынесці ў ахвяру,
не шкадуй і аб ім — анічога не страшна аддаць
дзеля вечнай Любві,
і Жыцця, ніспасланага Дарам,
i такога Святла...
О, якое Яно — Благадаць!..

------------------

Між намі — боль — нязвёрстаныя вёрсты.
Але любві — пакутніцы маёй —
стае й таго, што недзе ў свеце ёсць ты.
Бо й не са мной — ва мне ты і са мной.

І хоць калісь табе ў духоўным збоі
святло маё ўдалося патушыць,
мой кожны міг асветлены табою —
ажно да дна калодзежа-душы.

Ты — мой сусвет. I мне не дзіўна тое.
Бо я не грех, не жарсці лютай глюк,
а Божы лік — як самае святое
ў табе, анёл мой зрынуты, люблю.

17.06.2018

—-----------------------------1--1-


Нечаканая госця прыйшла, не спытаўшы дазволу;
без званка тэлефоннага, без папярэднiх дамоў –
уварвалася яркай маланкай у сэрца і голаў,
апалiла паглядам – і зрынула неба само.

Як ігрыстым вiном, апаiла душу неспакоем.
Затуманiла розум, агонь у пачуцці звяла,
i прымусiла стаць i ўраганам, i бурнай ракою,
i "рачулкавым" сонцам, i хваляй у пырску святла...

Павяла за сабой. Басанож. Па нязведаных сцежках.
Па такiм бездарожжы, што ногi збiвалiся ў кроў.
Толькi шлях "да нябёс" не арлом абярнуўся, а рэшкай –
i "шчаслiвая зорка", як знiчка, зляцела ў "зеро".

А знiкаючы, чыркнула – "шахнула" "тварам аб глебу"
i крыху не дабiла (забыўшы: ляжачых не бьюць).
I пакiнула жыць-памiраць мiж зямелькай i небам
i вініць у нядолi сябе... і жыццё-каламуць.

Ды аднойчы...
О дзiва! –

вярнуўшыся ранiцай шэрай,
захлынула душу –
i амыла сутонне ўнутры.
I святло запалiла,
узняўшы надзеяй i верай,
i адправiла ў свет:
"Не сумуй! Вылучай i дары!

Для сябе не шукай анiчога, а блiжнiм i дальнiм
не шкадуй – анiкому – цяпла: анi ўчынканў, нi слоў..."

Толькi тым i жыву.
Ты адна мне – Маяк ратавальны.

I не Госця цяпер –
Гаспадыня,
Царыца –

Любоў.

23.07.2018

__-_--_____--------------


Калі нажытага мяшок намуляў плечы,
а на нагах ужо не пыл, а кандалы,
адное выйсце: ад сябе на волю збегчы

і адрадзіцца...
да Збавіцелю хвалы.

Пракласцi рэчышча — свае — Яго Любові
у безумоўным — не "завошта" і "чаму"—
а "незалежна"— як салоўка славасловіць—

пяе для ўсіх —
і спевам моліцца Яму.

Заместа скінутых з сябе "жабрачых клункаў"
вітаць сустрэчнага (любога, i штораз!)
усмешкай міра, дзе няма двайных рахункаў:

"Ты зло ўчыніў мне.
Я ж дабро — табе ў адказ".

А проста так любіць. Аддана i цярпліва.
І ў час, далекі да світальнае зары,
выглядваць Сонейка, што кожнага — о дзіва! —

i ў цемры вонкавай
асвечвае
знутры.

4.08.2018


---------------------------

Каб Залюстэр'е не сагнула
аб глебу "промнікі" твае,
не засмучай сябе мінулым —
яно ўжо больш не існуе.

І з баязлівым "А што будзе?"
не паглядай на небасхіл.
Жыві цяпер, на радасць людзям,
твары дабро, па меры сіл.

Нясі святло па лёсу гонях —
агмень любові-мілаты.
І дзякуй Богу за "сягоння"
і тых, каму патрэбны ты.

29.09.2018


----------—-----


У кастрычнiцкi дзень,
не кастрамi сагрэты,
не глытком каньяку,
не дымком цыгарэты,
не цяплом батарэй,
а плюс "тройчы па восемь",
уляцела...
вясна —
з павуцiнкай на носе.

I давай шуткаваць:
"Не чакалi? — Трымайце!"
I нагнала ў траву
"дзьмуха-сонечных зайцаў"
а у прысадах-садах
малако першаквецця
пралiла: "Наўспамiн —
аба мне i аб леце!"

I схiлiла iзноў
апрануцца "ў абновы"
для спякотных дзянькоў,
непрыкметна па новай
асвяжыла загар
(i — а-ёй! — канапушкi) —
i гайда егазiць,
голле ветрыкам гушкаць.

Атрасла ўсю "паэзь"
нечаканчыкам-лiўнем.
I зiрнула на дол
пазалочаны: "Дзiўна!
Колькi часу мяне
па сезонах не носiць,
я не помню такую
адпадную восень!"

10.18 — 01.19

---------------11


Самотнікі і перасмешнікі,
збіральнікі і рыфмаловы,
паэты — вялікія грэшнікі —
таму, што гуляюць са словам.

Замовамі "чыркаюць" палкімі —
пажар выклікаюць (цунамі?).
Як дзеці малыя з запалкамі —
што твораць — не ведаюць самі.

Сваволяць, пакуль не пазбавяцца
апошняй саломінкі ў моры.
Ды, тонучы, нават, не каюцца
ў накліканым імі ж — учора.

I знаюць жа (колькi гаворана!):
прарокі мы ўсе, хоць і людзi!
І свет не рукамі быў створаны,
а Словам
Адвечным:
"Ды будзе..."

Таму...
Асвяжаем забытае:
ствараць "абы-што" небяспечна.

І хай Ўсявышні нас літуе
ў нямудрым людскім — чалавечым.

16.02.2019



-----—---------1111


А вас не агарошвала пытанне:
чаму мы, людзi, колькi б не жылi,
самоцiмся аб сконе, што настане
для кожнага аднойчы на зямлi?

I, ў той жа час, нiводнае iмгненне
нi кроплi не сумуем ад таго,
что некалi, яшчэ да нараджэння,
на свеце нас таксама не было.

20.02.2019

------------------------------


Цешуся словамi:
"Вера... Надзея... Любоў...
Мiр i спакой..." —
i ўслаўляю Тварца за багацце —
мову,
якая,
па веры
у сiлу замоў,
творыць наяве
"збыванне" слаўца-немаўляцi.

Найпрыгажэйшага:
"радасць", "удзячнасць" i "лад"...
Гукi звiняць i лiкуюць,
як сонейка ўвесну.
Ззяннем
душу
асвятляюць —
бы квеценем — сад —
i наталяюць, сасмяглую,
маннай нябеснай.

Пояць вадой,
што не мерай струменiцца звыш:
"Божая мiласць",
"лагода" i "Божая ласка".
Чуеце?
Бачыце?
Знаеце?
Верыце?
Вы ж...
змалку таксама упiтвалi
"збыўныя" казкi!

Дыхалi песнямi —
тымi, што мацi калiсь
вас закалыхвала —
хваляй сваiх блаславенняў:
"Каб...
здаравЕнькiя
ды...
шчаслiвЕнькiя, i... "
морам другiх пажаданняў
i шчырых "хаценняў".

Добрае слова —
бясцэнны дарунак нябёс,
дзiўнае дзiва, якое падорана людзям,
дзейная сiла,
калi
вера Божая ёсць,
i след-пячатка
на кожным тварэннi:
"Ды будзе... "

24.02.2019

Ооооооооо


Есць адно папярэджанне (чур не прымаць за "ку-ку"!).
Гэта тычыцца жарсцi да глупай гульнi у вершаплецтва.
Асцярожней,  паэцейкi,  з вершамi: у кожным радку,
немаведама як, нараджаюцца словы прароцтвау.

Хто iх нам дасылае i як, зразумець не магу,
але факт застаецца, як кажуць даследчыкi, фактам:
ува сне i наяве, у ступары i на бягу,
мы iх "чуйкай" прымаем I "посцiм", бы уласныя,... раптам.

I хаця не заужды вокамгненна змяняем жыцце,
як кругi па вадзе ад каменчыкау, кiнутых з сiлай,
разыходзiцца моц наватворнау -  шлэп-шлэп - i усё:
трансфармуецца свет


"наваЯнае у сэрцах" асобна жыве