Дажджынка

Клавдия Семеновна
На бэзавай галінцы завісла кропелька дажджу.
Ой, ці ж гэта дажджынка?
Гэта ж кропелька радасці, вясны,
кропелька жыцця.
Святкуючы  сустрэчу з новым днём,
купаецца ў зялёным водары
нецярплівых аксамітных пупышак, 
радасна ўсміхаецца
чыстым блакітам веснавога неба.
То пырскне наўкол
буйнымі кроплямі жоўтагарачага сонца,
то ўспыхне каляровай вясёлкавай хітрынкай ,
то гарэзліва заіскрыцца
дробнымі зорачкамі цяпла. 
На нейкую хвілінку,
нібы саромеючыся, затаілася
пад празрыстым  покрывам халаднаватага ценю,
і зноў смяецца, пераліваецца,
вясёлая  і  шчаслівая.
Дзынь!.. – упала. І цудоўны маленькі сусвет -
не, ён не знік, не разбіўся –
глядзі, скаціўся, слізгануўшы,
па сінім пяшчотным пялёстку,
і ўжо спраўляе наваселле
ў гасцінна раскрытым званочку крокуса.