Лiciцай восень падкрадаецца здалёк

Ядвига Довнар
У аксаміце жнівеньскай пяшчоты
Купае поўня зорны свой прыплод...
Згарае знічкай летні хмель прыгод,
І пальцы восені кранаюць ноты...
Неверагодны сцішыцца бурлеск
У залатога жніўня пастаралях,
Што асалоду для душы ствараюць
Налітым яблыкам у Спаса на стале...
На вастрыі графітавым алоўка -
Імгненне, што хачу занатаваць
Як сэнс жыцця, святлом каб знітаваць
Тых аксамітак, з сонцам на галоўках.
Як іх кранае крылцам матылёк!
Як п'е напой з вялікай асалодай!
Купажам тонкім непаўторны водар...
Лісіцай восень падкрадаецца здалёк.

6.08.2017   Ядвіга Доўнар(Кур'яновіч)