Верасень у вадзе

Михаил Сотников
 
 
Міхась Южык
 
Верасень у вадзе
(зборнік вершаў)
 
 
* * *
Да непарушнага спакою
імкнёмся мы, пад цені дрэў,
дзе яснай летняю парою
наш твар цяплеў.

Там іскры сонца, лёгкі ветрык
і пералівы салаўя.
Няхай пад дубам непрыкметна
ляжыць змяя.

Прысядзем побач, сон гаючы
пальецца з белых аблачын.
Спыніся, бег, не падай з кручы.
Прыйдзі, спачын.

У сну папросім, як у Бога,
непераможнага агню.
Далей чакае нас дарога.
Я гэта сню.
 
 
* * *
Срэбны досвітак. Падмарожвае.
Весялей зямля. Весялей.
І выразней галіначка кожная
у чаканні грымучых завей.

Так і мы перад бурамі новымі
заміраем, сабраўшы сябе
ў адну цэлую волю суровую,
каб патолю знайсці ў барацьбе.

Прыгажэй мы становімся тварамі
і адважней наперад глядзім,
дзе снуюць недасяжнаю мараю
завірухі не пройдзеных зім.
 
 
* * *
Месца ў шлюпцы не займайце,
я бягу да вас,
не забыўшы аб аплаце,
пра даўгі і час.

Месца ў шлюпцы мне пакіньце,
веру, што змагу
не згубіць асноўны прынцып
нават на бягу.

Месца ў шлюпцы недзе збоку,
можна на карме,
над вадою каб глыбокай
лёгка плысці мне.

Месца ў шлюпцы, як цудоўна
разам веславаць.
Ціхамірна і бязмоўна
ў мора адплываць.

Месца ў шлюпцы, ясны востраў,
дзе так цёпла жыць…
Развярніце шлюпку носам,
гэта міражы.
 
 
* * *
Мы можам сусвет да лепшага
нарэшце перарабіць.
Не справай, не ўладай – вершамі,
якім абяцана жыць.

Хай словы там будуць цёплыя,
няўлоўныя для таго,
хто прагне часінай цёмнаю
душу зацягнуць на дно.

Хай вершы ўсе будуць з золата
і круглыя, быццам шар,
каб іх не разбіць і волату,
адскочыць шалёны ўдар.

І разам з тым вершы шарыкам
паветраным паляцяць
у вокны і дзверы з мараю,
якую б маглі чакаць.

На фоне таемнай далечы
лунаюць няхай яны,
высвечваючы і манячы,
нязлоўленыя шары.
 
 
* * *
Часта здаецца, быццам па свеце
ходзіць не я, а другі чалавек.
Многа такіх на блакітнай планеце,
з хуткім цячэннем парожыстых рэк.

Клеткі ніводнай, ні атама нават
не засталося з былога мяне.
Толькі імя, якім клікала мама,
пашпарт і метрыка, блік на акне.

Думаю з тымі, на фотакартцы,
розным парадкам, іначай жыву.
Я ўжо паэт неразгаданай нацыі,
сам выбіраю абшар ці турму.

Свет захлынаецца моваю чыстай,
лёгкай, таемнай, нязменна жывой.
Рэчка цячэ то паволі, то быстра.
Рэчка мая, на плаціне пастой.
 
 
* * *
Мне стукаўся ў дзверы Хрыстос,
Яго я не чуў.
Знадворку быў дзікі мароз
і вецер шалёны дзьмуў.

Навошта не адчыняў?
Не ведаў, што гэта Ён,
скрозь вір паўсядзённых спраў,
тужлівы палон…

У вопратцы жабрака
прасіўся Ён да мяне.
Я ж сцішыўся і чакаў,
топячы думкі ў віне.

Запозна быў гэты стук,
баюся прышлых людзей.
Начны барабанны гук.
Я келіх наліў паўней.

І выпіў, і закусіў,
вярнулася цішыня.
Я дзверы тады адчыніў
у росквіт новага дня.

Каб ведаць, што не жабрак,
а Цар нябёс і зямлі
прасіўся за проста так,
спагады маліў…

З тых пор адчыняю ў ноч
моўчкі сваю душу.
Жабрак, на агеньчык кроч,
я вельмі цябе прашу.
 

* * *
Бруіць цячэнне рэчаў
праз сэрцаў далягляд.
Ты быў яшчэ малечай,
ды бачыў іх парад.

Ёсць рэчы, што не ўловіш
ніякім слыхам ты,
аднак яны любоўю
паўсталі з пустаты.

Някідкія такія,
не бачныя нікім,
а сэрцу дарагія,
заўважаныя ім.

Будзь шчодрым, шлях жыццёвы,
будзь вечным, рэчаў гук.
Душы прыціхлай сховы.
У дзверы слабы стук.

А можа, гэта слёзы
твае, мой чалавек,
што просіцца з марозу
трывожна на начлег?
 
 
* * *
На сёння абяцалі сонца.
Падвёў прагноз.
Ён, як прадукт у абалонцы.
Ці нейчы лёс.

Даўно не веру абяцанням,
раблю ўсё сам.
Душу на коўзкае катанне
не перадам.

Такія выпадаюць рэчы
нам на шляху,
што не асветліш тонкай свечкай
іх на бягу.

“Спыніся, – мне гаворыць голас, –
Падумай сам”.
Але не веру ні на волас
я галасам.

Адной работай і малітвай
штодзень жыву,
не ссеклі каб на поле бітвы
мне галаву.
 
 
* * *
Што міма спраў ні робіцца,
робіцца для таго,
каб новы дзень няўдобіцай
ляснуў душы на дно.

Пераараць спатрэбіцца
гэты кавалак нам.
Век незвычайнай лесвіцай
цягнецца ў вышні храм.

Хто мы, адкуль, навошта мы?
Праца адказ дае.
Сказы таропкай поштаю
коцяцца да мяне.

Доўгая ноч не згінула,
тоіцца тут і там.
Сонца каб не пакінула
пабудаваны храм.

Молімся. Словы цёплыя
пад купаламі ўжо.
Травы ў расе намоклыя.
Верасень надышоў.

Ціха сваю адзіную
казку распавядзе
і адгарыць калінаю
верасень у вадзе.
 
 
* * *
Паляцела дуброва
з павевам паўднёвага ветру.
Калыхнулася голле
разлатымі крыламі дрэў,
і прымалі дуброву
нябесныя сінія нетры.
Адзінокі дубовы лісток
на зямлі шалахцеў.

Ён зялёны яшчэ,
а не восеньскі жоўты і чэзлы,
яшчэ лета ў разгары,
ледзь ліпень ступіў за парог.
А лісток на зямлі,
а віхура яго ўжо панесла,
адзінокі, зялёны,
гранёны прыродай лісток.

Я глядзеў, як дуброва
спусцілася з высі далёкай,
і атрэсла на дол яшчэ колькі
зашэрхлых лісткоў.
Я ж зялёны шукаў,
у гушчар несупынна галёкаў,
ды таіўся гушчар,
і маўчала трава пагатоў.

Ды навошта ён мне,
што за дурасць, капрыз,
недарэчнасць?
Замануўся лісток – мала ў лесе
падобных яму?
Без лістка, мне здалося,
прыроды заплакала вечнасць,
гэты верш, мне здалося,
патрэбны лістку аднаму.
 
 
* * *
Восень зірнула ў ваду,
дожджык заплакаў.
Вузкай сцяжынай іду
да Пастарнака.

Часу былога сляды
віхры не змылі.
Дача і лес. Тут гады
быццам застылі.

Доўга стаю паміж дрэў,
слухаю цішу.
З ёю паэт паляцеў
памяці вышай.
 
 
* * *
Бегла рэчка праз авёс, бегла рэчка.
Ды стаялі ля яе чалавечкі.

Ім бы сонца і цяпла, і вадзіцы,
салаўіным галаском наталіцца.

Ды маўчаць тут салаўі, невядома
для чаго сюды прыйшлі мы ад дома.

І вада як не вада – а чарніла,
з гарадоў яна цячэ ў пене з мыла.

Як далёка ні ішлі ад сталіцы,
мы вадою не маглі той памыцца.

Бегла рэчка праз лясы і палеткі,
паміралі ўздоўж яе нашы кветкі.
 
 
* * *
У мяне цяпер адна задача:
вас прыняць душою назаўжды.
Паўтараю голасам гарачым
гэту фразу доўгія гады.

І нарэшце будзе паяднанне,
цені дрэў на ганку задрыжаць,
і сцяжынка далеччу паманіць,
хоць не стане вечнасць абяцаць.
 
 
* * *
У першы дзень тварэння
стаю на ўсходзе дня,
чакаючы гарэння
і порсткага каня.

Абшар наўздзіў блакітны
ляжыць перада мной,
аднак ён поле бітвы
зямліцы нежылой.

Абыдзем мы з табою
забытыя куткі
і станем пад гарою
каля жывой ракі.

Ды пойдуць чалавекі
праз некалькі гадоў
абжыць лясы і рэкі
без картаў і слядоў.
 
 
* * *
Свядомасці няма куды ісці –
яна сыходзіць у казку.
Шапоча ветрыкам у трысці,
калыша лясныя краскі.

Гэта так цяжка, свядомасцю быць
у свеце людскіх калізій,
каб не звіхнуцца ды не згубіць
верх, які ўбачыш нізам.

Выйдзеш з апаскай: а раптам свет
зранку перакулілі?
Няма ані знакаў, ані прыкмет,
сляды ўсіх работ застылі.

Раптам гэта благі тэатр,
кепскія ў ім акцёры.
Не адыграеш ужо назад,
спяшаюцца рэжысёры.

Усё-такі думаеш ты наскрозь
праскочыць дзень шматгалосы –
быццам упарта вядзеш пракос,
блішчаць залатыя росы.

Свядомасць птушкаю над табой,
наводдаль касы лунае.
Сігае ў зорак далёкі рой,
долу адтуль злятае.

Дарогі яднаюць людзей здаўна,
адзін не хадзі ў дарогу.
Хоць бы дарога твая адна
не вабіла надта строга.
 
 
* * *
Я дабром з кулакамі
прабіваю сцяну.
Непадатлівы камень
з п’дэстала здыму.

І даўно ў нас рахункі
са сцяною адны.
Невыказныя мукі
спазнаю ля сцяны.

Не прабіць яе нельга,
бо шляхі праз яе
у краіне пустэльнай
замануліся мне.

Спадарожнікі, дзе вы?
Далягляд іх схаваў.
Толькі ссохлыя дрэвы
ды іржавы метал.

А сцяна, гмахаў вышай,
ухмыляецца мне.
Спаконвечная ціша.
І сляды на траве.
 
 
* * *
Пачасцілася дыханне. Што з таго?
Гэта чэрвеньскае ранне надышло.

Гэта сонца раскідала па зямлі
цені дрэў і вызалочвае палі.

“Будзь са мною!” – працурчала рэчка мне,
быццам нехта ў ёй хаваецца на дне.

“Будзь са мною!” – гаварыў кудлаты бор.
Гэты голас незабыўны з даўніх пор.

Пачасцілася дыханне. Доўгі шлях,
і нябёс над ім заваблівы размах.
 
 
* * *
Мне прадаюць пазітыў
вельмі нядорага,
песні адной матыў
круціцца ворагам.

Ці то яе прагнаць,
песню жывучую;
ці то яе прыняць
як немінучае.

Мне раздаваць даўгі
некалі выпала
там, дзе стаяць стагі
жоўтымі глыбамі.

Песня табе адной
незразумелая.
Сцежка бяжыць вадой
з чорнага ў белае.

Там, дзе рака і дым
вогнішча зыркага,
з даўніх часоў стаім
яркімі дзіркамі.

Мне прадаюць пазітыў
танны нядорага,
песні старой матыў
круціцца ворагам.

Як мне матыў прагнаць
песні заезджанай?
Ці то яе прыняць
як непазбежнае?
 
 
* * *
Гаварылі мне словы пустыя,
мацаваў іх нібыта закон.
Бачыў твары, як спіны чужыя,
між высокіх каменных калон.

Цеплыня і любоў абяцалі
у суровых ільдах адагрэць.
Вецер нёсся за дальнія далі,
клён агнём заставаўся гарэць.

Халадала, і кроплі на вокнах
замярзалі на досвітку ўсе.
Ты стаяла ў кашулі прамоклай
у сваёй незгасальнай красе.

Чуеш крокі ў глыбінях кватэры?
Гэта я да цябе завітаў,
непрыкметнай ступою хімеры
ля дзвярэй прыадчыненых стаў.

Пражываў ад цябе недалёка,
у трох кроках, у белым дамку,
што стаіць на пагорку высокім
і дзе дзверы заўжды на замку.

Я чакаў, што павернеш свой ключык
і ўляціш, як прамень па вясне,
ды любоўю, як ніткаю, злучыш
з серабрыстай душой
ты мяне.
 
 
* * *
Здзіўляюць простыя людзі,
скура-браня на іх.
Б’юць кулаком іх у грудзі,
ці кулаком пад дых.

Паплачуць ды пашалеюць,
забудуць праз  пяць хвілін –
смяюцца і не старэюць,
быццам жыццё – спачын.

Заўсёды не ў адзіноце,
на людзях яны штодня.
Сеюць, жнуць і малоцяць,
сядлаюць свайго каня.

Няма калі паддавацца
млявай маркоце ды
легчы – няма матраца,
полем бягуць сляды.

Я, на здзіўленне падкі,
здзіўляюся кожны раз
ім, калі нанач гладкі
спраўна кладу матрац.

Мне быць на людзях страшна,
міма людзей іду,
згадваю ў дні ўчарашнім
рэчкі лясной ваду.

Скура мая паперай
можа запалымнець.
Ад драбязы, хімеры
здольная пачарнець.

Як назіральнік пільны,
за вербалозам сціх:
чую, лапоча крылле
птушкі між дзён маіх.
 
 
* * *
Поле, поле, поле, шляхоў зашмат.
Доўга, доўга, доўга жывём на свеце.
Толькі, толькі, толькі – адзін парад,
пустацветам злятае квецень.
 
 
* * *
Наколькі можна ясна,
наколькі можна строга
звяртаўся раб няшчасны
з малітвамі да Бога.
 
І так, бесперапынна
працуючы душою,
ён рушыў скрозь хвіліны
да вышняга спакою.
 
 
* * *
Давай не рабіць рэзкіх рухаў,
давайце не будзем рабіць.
Хоць памяці шкодная муха
кружляе і будзе кружыць.
 
І снайпер яе не застрэліць,
і плясне дарма мухабой –
а муха зігзагі нам чэрціць:
то ўвысь, то наўпрост пад табой.
 
Старайся або не старайся –
нервуе, а сядзіць – кусне.
Яна сабе, знай, забаўляйся.
Ды горка і моташна мне.
 
Пакінуў мінулае разам –
каханак, братоў, сваякоў.
Я досыць пражыў з імі часу.
Аднак у нас розная кроў.
 
Не гены і не пражыванне
ў кватэрах яднаюць людзей.
Такое ў паэта прызванне –
уцёкі ад шумных падзей.
 
Паэт быццам пасынак ночы,
І там – не прамая радня!
У ёй толькі сцішана крочыць,
каб выйсці ў народзіны дня.
 
 
Міхаіл Южык, дзед
 
Мой дзед застаўся маладым.
Ён Мішам быў, як я.
Пайшоў звычайным радавым,
наўкол вайна.
 
Я ўсё жыццё яго не знаў,
ды верыў, што калісь
ён вернецца з вайны назад,
каб з намі жыць.
 
Аднак сумуе навіна:
з зямлі ніхто не ўстаў,
мой дзед, калі прыйшла вайна,
у бітве паў.
 
Ён пад Смаленскам недзе знік
без крыжа і груда.
Што думаў ён у гэты міг –
скажы, вада.
 
І бацьку ў Гомелі майго
выхоўвалі дзядзькі,
дзе Сож чароўнаю ракой
цячэ ў стагі.
 
 
* * *
У гітары маёй многа гукаў,
толькі як навучыцца вымаць
іх, каб радасць ці горкая мука
не працягвалі ў корпусе спаць?
 
Пальцы слухацца як мне прымусіць,
каб чуллівымі сталі яны
і выносілі ў яркай спакусе
на прастор залатыя званы?
 
Дзе настаўнік, які мне раскрые
нот таемнасць, мелодый душу?
Не старэюць гітары старыя.
Я надзею пакуль не гашу.
 
 
* * *
Слёз маіх не спыніць.
Госпадзе, памажы!
Хіба так можна жыць?
Льюцца з крыві дажджы.
 
Дзе я сапраўдны, дзе?
Камень і пустата.
Рыбка ў рачной вадзе,
цёмная там вада.
 
Ды і плыву супроць
плыні. Навошта так?
Некаму ў горле косць.
Некаму яркі знак.
 
Госпадзе, крыж малы
не падыму падчас.
Цяжкія дрэў ствалы
і надрываюць нас.
 
Праўда, ёсць у вады
месцейка ў чаратах.
Часта плыву туды,
лекую вечны страх.
 
 
* * *
Помню, казала бабуля ліхою,
чорнай гадзінай для нашай сям’і –
мы ўжо памерці табе не дазволім,
хочаш не хочаш, а неяк жыві.
 
Голас яе быў ласкавы, гарачы,
ды прадракаў мне пакуты і страх,
што я адведаю ў целе лядачым,
перш чым прыйсці ў недасяжнасць і прах.
 
Ты не спяшайся, казала бабуля,
мне ўжо за восем дзесяткаў гадоў.
Зведала страты, і зведала кулі,
тыя, што ў сэрцы сядзяць з чорных пор.
 
Ты не спяшайся, бо Божая міласць
хутка пакажа дзялянку тваю,
дзе папрацуеш па сцёртыя жылы,
я ж пра цябе ў небе песню спяю.
 
Свет без бабулі даўно абязгучыў,
толькі партрэт яе побач з Хрыстом
нас азірае паглядам гаючым,
абараняе ад пошасцяў дом.
 
 
* * *
Рэчышча ціхай Свіслачы,
вербы над ім.
Гэта з маленства выскачыў
радасны дым.
 
Праўда замкнёнай старыцы
моўкне ў гадах.
Песня аб ёй складаецца
ў жоўтых жытах.
 
Там пад вярбою з вудаю
– гэта не я?
Рэчка пярэсціць цудамі
ў водблісках дня.
 
Ліпень дажджлівым месяцам
стаць не хацеў.
Бацька і маці свецяцца –
сонца між дрэў.
 
Сіла стагоддзяў цераз іх
вее з палёў.
Хлопчык бяжыць па беразе
мноства гадоў.
 
 
* * *
Госпадзе, нас пачуй,
хоць мы цябе не чулі.
Рану не залячу
ад нечаканай кулі.
 
Кулямі пасылаў
я ў неабсяжнасць словы.
Словы растуць між траў,
кветкамі стаць гатовы.
 
Ёсць, праўда, слоў цвікі
ў чорныя труны катаў.
Цэлыя слоў палкі
б’юць немату зацята.
 
Толькі з гарачкі раз
выпусціў слова злое,
кулю вярнуў мне час
ранай і дзікім болем.
 
Госпадзе, залячы,
вечнай любоўю рану.
Падаюць дзе ўрачы,
разам з Табою ўстану.
 
 
* * *
Рэчка мая – душа, рэчка лясная.
Цячэ пад шатамі дрэў, гушчарамі,
палянкамі, паплавамі наўзбоч балацін.
Пабліскае на ліпеньскім сонцы –
і сігае ў лясы.
Рэчка мая – душа, не любіць увагі,
з ветрам адно размаўляе рэчка мая.
Ад людзей перасохнуць баіцца,
як тысячы іншых рэк.
Пятляе між дрэў –
то светлы вячысты бор,
то гушчару непралазнасць.
Бруіцца чыстай вадой, ціхая рэчка.
Я неяк яе згубіў, падмануты,
што душа мая – буйнае неабсяжнае мора.
І парус панёс на яго абшар,
а потым парваўся.
Не памятаю выплыў як,
амаль патануўшы.
Затым доўжыў звілісты шлях
да радзімы,
рэчкі,
душы.
 
Рэчка мая – душа, рэчка лясная.
Явай цябе і ў снах з плачам вітаю.
 
Птушак, стракоз, вады прагну гаючай.
Колькі гадоў стаяў хістка над кручай.
 
 
* * *
Мы стаялі з табой ля акна.
Вечаровая барва гасла.
І пакой выпіваў да дна
нашу еднасць і наша шчасце.
 
Мы стаялі, рука ў руцэ,
цеплыня з цеплынёй сышліся.
Сонца ўперыла свой прыцэл
у акно, нібы ў нашы жыцці.
 
І здавалася, што цякла
ліхтароў вечаровых рэчка,
з ціхіх вуліц скрозь тоўшчу шкла,
разам з зорак патокам стрэчным.
 
І сябры, якіх не было,
ды якія заўсёды з намі,
дасылалі сваё цяпло,
што адольвае лёд і камень.
 
Мы стаялі. Пакуль стаім,
жыць не трэба, і можна марыць,
што на ўсходзе аблокаў дым
пераносіць спакойна ў старасць.
 
Мы стаялі. Рука ў руцэ,
цеплыня з цеплынёй сышліся…
 
 
* * *
Погляд на рэчы дзіўны,
погляд такі:
спрытна бягуць хвіліны
ва ўсе бакі.
 
І ад дзвярэй дарога
ў дальнюю даль.
Дзён насамрэч нямнога.
Мала, на жаль.
 
Нам пражываць хвіліну
трэба за дзве.
Пройдзеных тыдняў спіны.
След на траве.
 
Памяць з дзіравым мехам –
сцёртыя дні.
З горам або са смехам
іх памяні.
 
Творчасць адна жывая –
мора без дна.
Хвалямі ў сонцы грае
вечна яна.
 
 
* * *
У слова майго – вераб’я – голас адзін,
у слова майго – вераб’я – тысяча зім.
 
І зімаваць пад страхой страшна яму,
скрозь маразы чакаць нашу вясну.
 
Слова жыве, пакуль ёсць куды жыць.
Цягнецца, не парваць, тонкая ніць.
 
Крыламі ля акна слова ўзмахне,
як прывітанне вам, вам – ад мяне.
 
Слова маё – не маё, птушкі палёт.
Толькі не трэба так – птушку аб лёд.
 
Дый не злавіць яе. Можна – любіць.
Цягнецца, не парваць, дзённая ніць.
 
 
* * *
Холадна. Як адагрэцца вясной
людзям без сэрца?
Гэта крыві немінучы застой.
Цёмныя дзверцы.
 
І на паляне, дзе стыне мой род
вам на пацеху,
аж па паўгода ляжыць коўзкі лёд –
ехаць і ехаць.
 
Холадна. Справа ў застойнай крыві,
а не ў пагодзе.
І як не можаш стаяць, то плыві
рыбай па лёдзе.
 
 
* * *
Сярод горных пародаў зла,
ям адчаю
на дарогах даўно цяпла
не страчаю.
 
Кожны крок цяпер па нагах
б’е бязбожна.
Ды не вывучыўся ступаць
асцярожна.
 
Дрэвы хіляцца ля ракі
п’юць вадзіцу.
Сярод іх ад людской тугі
мне б забыцца.
 
Бор сівы запрашаў даўно
на той бераг.
Ды глыбокае ў рэчкі дно,
глыбей веры.
 
Птушка, птушачка нада мной,
аблачыны…
Не заплакаць душы жывой
без прычыны.
 
Беларусь, правядзі мяне,
дзе азёры
мочаць кудлы лясной траве,
лечаць гора.
 
Сярод горных пародаў зла,
ям адчаю
я, радзіма, твайго цяпла
пагукаю.
 
 
* * *
Вітаю цябе, зіма.
Вандроўнікам белым
ты ціха стаіш адна
над долам скалелым.
 
Табе яго накрываць
убраннем адзіным.
Табе навылёт не спаць
начныя гадзіны.
 
Таемнасць сваю нясі
у горад маўклівы.
Яшчэ ты мяне сасні
вясёлкай над нівай.
 
Па лесвіцах гарадоў,
лядовых, бліскучых,
шыбую. Няма слядоў
у снезе рыпучым.
 
 
* * *
Шапнула сняжынка:
“Счакай ты хвілінку,
я ціха растану
ў далоні тваёй”.
Яе страсянуў я,
і снег завіхурыў,
панёсшы сняжынку
над белай зямлёй.
 
Цяпер не пазнаю
яе сярод родных
такіх жа мільготкіх,
іскрыстых сястрыц.
Імчацца сняжынкі,
нібы самалёты,
па вуліцах сонных
праміж камяніц.
 
 
* * *
Дзве таямніцы – вечар і ноч –
імі навек знепакоены.
Дзве таямніцы ад лёсу наўзбоч
ціха і важна прытоены.
 
Зноў, памаліўшыся, досвіткам шэрым,
гледзячы краем на снежны разліў,
сшытак кранаю пачаткам нясмелым –
вечар пакажа, што ты нарабіў.
 
Дзве таямніцы трывожаць мяне,
дзве аблачыны навіслыя.
Вечар пакорай нязвыклай кране,
сэрца хвілінаю сціснецца.
 
Зноў забываюся досвіткам белым,
бачу, як вы адчыняеце слых.
Сэрца даўно ад работы самлела,
сэрца не чуе дыханняў чужых.
 
Толькі прыёмнічак мой несмяротны,
што прыхаваны няведама дзе,
ловіць і ловіць часінай самотнай
радасць і гора краіны людзей.
 
Дзве таямніцы – вечар і ноч –
імі навек заняволены.
Дзве таямніцы ад лёсу наўзбоч
з дня нараджэння прытоены.
 
 
* * *
Як бы не заблытацца,
дзе дабро, дзе зло.
У глыбінях існага
дрэва прарасло.
 
Ды плады не выспелі,
не дастаць вісяць
на далёкай выспачцы;
акіяна гладзь.
 
Толькі ў ночы ціхія
сніцца дрэва здань,
мора сонна дыхае,
змрок куды ні глянь.
 
Ратам змрок азорыцца,
дрэва заблішчыць
і плады пакоцяцца –
жыць або не жыць?
 
Так чакаю ночанькі,
дзень за днём плыве.
Зманам замарочаны
цені на акне.
 
Веру ці не веру ўжо,
што знайду адказ
у гадзіну шэрую,
у таемны час.
 
 
* * *
Зона камфорту. Чароўная зона.
Быццам анёлы пяюць над зямлёй.
Зона камфорту. Няма тут закону,
каб нам давеку прабавіцца ў ёй.
 
Зона камфорту. Каханне, здароўе –
рэдка бываюць яны назаўжды.
Зона камфорту Хрыстовай любоўю
многіх звязала скрозь лёсу гады.
 
Ах, палюбіць не за што, а за проста –
як жа не хочацца, як жа баліць…
Зона камфорту палянай дзівоснай
між ледзяністых прастораў гарыць.
 
 
* * *
Шукаю штодня поле дзейнасці
у мокрых снягах і завейнасці;
 
у рэчах, што вечна расказваюць
жыццё незвычайнымі фразамі;
 
у людзях, кім я незаўважаны,
шукаю прытоена важнае.
 
Ды плоць упраўляецца з розумам,
накочваюць думкі марозныя.
 
Я іх расцяпляў дрогкай свечкаю –
душою, паэзіяй мечанай.
 
Там многа ўсяго наварочана,
назад і наперад заплочана.
 
І толькі адно поле дзейнасці
упарта адводзіць ад тленнасці.
 
І рэчы паволі расказваюць
забытае, ціхае, важнае.
 
І людзі, і горад асвечаны
паэзіі цёплаю вечнасцю…
 
 
* * *
Сняжынкі ціхенька лятуць
паўз вочы ліхтароў.
Ім да зямлі не дацягнуць,
знікаюць зноў і зноў.
 
Яны ўжо талая вада,
у ёй няма слядоў.
Хлюпоча цёмная слата
па вулках гарадоў.
 
А мне ўсё бачыцца, як ты
стаіш сярод двара,
у аблачынах белаты
задворкамі прыйшла.
 
І хочаш ты маё акно
знайсці скрозь снегапад.
Яно зацеплена даўно
сярод разлук і страт.
 
Вось-вось павернешся – пагляд
сустрэнецца з маім,
мы ўжо даўно скрозь снегапад
іскрынкамі ляцім.
 
 
* * *
Стаю між “хачу” і “боязна”
адвечным правадыром,
прадбачу хвіліну млосную,
дзе выбар зраблю рабром.
 
Хаценні вадою весняю
спадаюць, пакуль іду.
А страхі ўсе не памесцяцца
ў душы на маю бяду.
 
Як шмат па руках атрымліваў
за тое, што шмат хацеў!
Як часта хаценні стрымліваў
ды іх ажывіць не смеў!
 
Без страху ў хвіліну кожную
ступаю, нібы іду
па росах травой мурожнаю.
І веру, што не ўпаду.
 
 
* * *
Калі нам стане добра –
слупка падскочыць ртуць,
нягоды пільнай кобрай
нарэшце адпаўзуць.
 
І раптам зразумеем:
жывём, як салаўі,
усход іскрыстым клеем
пральецца на палі.
 
Азорацца прасторы
мелодыяй такой,
што сосны, быццам горы,
хіснуцца над табой.
 
І вечнай таямніцай,
калі ўдваіх адным
мы будзем каласіцца
памкненнем залатым.
 
Калі нахлыне радасць
з прасветленай далі,
мы пойдзем ціхім садам…
Калі, калі, калі?
 
 
* * *
Бываюць зімы такія –
без снегу і без святла.
Агеньчыкі, як чужыя,
на трасах, калі імгла.
 
У гэтых туманах шызых,
бывае, не пазнаём
сябе ды не бачым зблізу
каханых і родны дом.
 
Праходзім паўз іх, праходзім,
хоць хочам абняць навек.
Сыходзім ад іх, сыходзім
па рэчышчах вуліц-рэк.
 
Бывае, такі дарунак,
што ўстанеш надзеі без –
на шыбе дрыжыць карунак
і ў далі бялее лес.
 
Становішся ты відушчым
з нядаўна яшчэ сляпых
у тыднях і днях бягучых,
знаёмых, сівых, старых.
 
Віхураць, нясуць лагоду
ў глыбіні глыбінь снягі,
нібы акіян свабоды
лінуўся праз берагі.
 
 
* * *
Заўважыш такое рэдка,
а іменна раз на год –
выходзіць з жалезнай клеткі
душа на світальны лёд.
 
І слізгае між сумётаў,
і коціцца паўз дамы.
Ліхтарная пазалота
высвечвае шлях прамы.
 
Сустрэнемся, звечарэе,
успомнім прабеглы дзень,
пакуль год стары старэе,
на столі яго прамень.
 
Але ён пагас, чакаем,
твой пульс ля маёй шчакі.
Спускаецца год па краі,
дзе ветрам гудуць радкі.
 
Бялейшы бясконцай белі,
даўжэйшы касмічных трас.
Прыйшоў, ля тваёй пасцелі
застыў у паўночны час.
 
 
* * *
Заўтра ўляціць зіма
грандыёзная.
Чуеш, звініць яна
з часу позняга?
 
З часу, калі даўгі
ўсе заплачаны,
з месца, дзе ўсе кругі
перайначаны.
 
Ты, як заўжды ў жыцці,
мне не верыла.
Толькі б зіму прайсці
строгай мераю.
 
Заўтра спяе яна
калыханкаю.
Будзе не ты – зіма
мне каханкаю.
 
Дрэвы ў мароз стаяць
так задумліва.
Пары людзей трымцяць
марай сумнаю.
 
Як расставацца ім,
перайначыцца,
калі зіма прыйшла,
стынь сабачая?
 
Ранак чакаем мы
з вернай вераю
аж на мяжы зімы,
бескватэрныя.
 
 
* * *
Дзень сонечны, быццам памыты,
над горадам плаўна ўстае.
Такой чысціні краявіды
здаўна хвалявалі мяне.

Выходжу з ім поруч на плошчы,
рукаюся з вамі, між тым
гарыць і гарыць дзень харошы,
і ўсе мы запоўнены ім.

Я марыў калісьці спрасоння
шчасліва даверыцца дню,
і сонца ў Хрыстовай кароне
дагэтуль завабліва сню.
 
 
* * *
Настройваю вочы па сонцы,
з раніцы ў высі гляджу.
Душы глыбокае донца
колерам неба сушу.

Вяртаецца адчуванне
тваіх валасоў і плеч.
Ведаю, страшна – не стане
крокаў, званкоў, сустрэч.

Глобус без нас скрозь ночы
скруціць за кругам круг.
Год, што за годам крочыць,
створыць за гукам гук.

Як чалавек адсутны
ў коле трывог зямных
словам і гукам буду
лашчыць твой вечны слых.

Ну а пакуль гаворым,
ходзім, глядзім… Без нас
нехта імкліва творыць
словы, людзей і час.
 
 
* * *
З усіх згрызотаў толькі страшыць
спыненне думкі, калі ты
акамянелы ў дні ўчарашнім,
палоннік вечнай нематы.

Нішто не рухаецца побач,
як рух спыняецца ўнутры.
І роспач – ледзяная сволач –
штодня нашэптвае: “Замры”.

Сябе заводзіш злосцю сцятай,
спружынай кідаешся ўвысь,
дзе спраў няздзейсненых багата,
ты іх не давяршыў калісь.

І дзіва: думкі, як аблокі
над галавою з ніадкуль.
І край нязведаны далёкі
заве і свеціцца, пакуль
ты дзейнічаеш…
 
 
* * *
Нешта цёплае і далёкае
прачынаецца і дрыжыць
над краінай блакітнавокаю,
дзе табе давялося жыць.

Гэты голас не чуюць вуліцы,
пералескі, лугі, бары –
у закуццях душы чаруецца
і прытойваецца да пары.

Хто ты ёсць – між мільёнаў шэры,
сацыяльны забіты раб,
покуль голас свае памеры
не пакажа і свой маштаб.

І маўчаць бы табе да скону,
легчы з тысячамі ў зямлю.
Толькі некалі сярод лёну
ты шапнуў: “Я наш свет люблю!”

Час мінецца: цябе не будзе –
бо ніхто не жыве заўжды –
цёплы голас раскрыюць людзі
і аплачуць твае сляды.
 
 
* * *
Кожны дзень пасылае выклік:
“Чым сабраўся мяне здзівіць”?
Пачынаю яго з малітвы,
ды без працы няможна жыць.

Два вяслы… імі грэбці важна,
каб рабілася ўсім святлей.
І работа на шлях укажа,
і малітва гучыць званчэй.

Сто разоў забываў пра вёслы,
ліха несла тады рака.
Веславаць жа – як гэта проста,
каб трымала пяро рука.

Каб круцілася думкі творчай
кола сонца. Не пагасі
свой агеньчык, як прыйдуць ночы,
проста ў сэрцы яго насі.
 
 
* * *
Што будзе, што будзе? На гушчы гаданне,
гуканне ў застылы час.
Надзея, што знекуль паявяцца здані,
раскажуць яны пра нас.

Мы хочам, мы хочам даведацца ўрэшце,
шляхі свае асвятліць.
І свечка дрыжыць, і душа не на месцы,
і месяц скрозь шыбу гарыць.

Маўчанне, маўчанне. Ніхто не з’явіўся,
нічога, на жаль, не сказаў.
Нічога. А шэпт па пакоі кружыўся
між намі. І дзень наставаў.

Як лёгка, як лёгка жылося б на свеце,
каб ведаць наперад лёс.
Як горка, як горка, паверце, паверце
пабачыць кепскі прагноз.

І воля, і воля блукае ў паўзмроку,
знаходзіць сэрцу спачын.
Свабодная воля торыць дарогу
па ланцугу хвілін.
 
 
* * *
Рэчы вакол цябе.
Рэчы ўнутры.
Памяць сусвет грабе.
Памяць сатры.

Ёсць толькі гэты міг.
Кропка пяра.
Сонца на шыбе блік.
Гукі з двара.

І расчыненне ёсць
вечнага дня.
Ты, як высокі госць,
міласць прыняў.

Ледзьве пачуеш што,
ты запішы.
Пахне няхай жытло
борам душы.
 
 
* * *
Я чэрпаў з калодзежа доўга,
паіў ён мяне і паіў.
І з сілай чароўнаю строгай
блукаў сярод пашаў і ніў.

Там  кожная дробязь прыроды
ў цішы раскрывала свой знак.
А рэк патаемныя воды
цяклі і цяклі праз бальшак.

Шукаў я такога ж паэта.
Дарэмна і доўга шукаў.
Плыло прамяністае лета
па лёгкай духмянасці траў.

Звяры, пералескі, дарогі
і птушкі віталі мяне.
Ішоў я, забыты і строгі,
па роснай высокай траве.

І там, дзе аблокі каронай
над лесам аднойчы ўзышлі,
я чуў, як Хрыстос срэбразвонам
наш свет бласлаўляе з далі.
 
 
* * *
Адкрыю файл мелодый.
З нязведаных глыбінь,
нібыта ў дзень народзін,
пальецца гукаў плынь.
 
І чалавекам новым
крану ваду ступнёй.
Аблокі, як каровы,
навіснуць нада мной.
 
І лес цікаўна гэтак
запоўніць берагі.
І будуць светлым летам
духмяніцца стагі.
 
Сярод птушыных спеваў
мелодыю сваю
ці справа, ці то злева
міжволі пазнаю.
 
Яна ўжо ветрам стала,
і лесам, і травой…
Праз рэчку пераправа
з мелодыяй жывой.
 
 
* * *
Бывае, светла, пранізліва
глядзіць прырода на нас.
Бывае яна капрызлівай,
дажджы хлюпочуць не ў час.
 
Але ўсёахопнай радасцю
нярэдка іскраць снягі.
Яны ад душэўнай марнасці
лечаць. І ад тугі.
 
Бывае, зірнеш – паверыш:
анёлы лунаюць там,
дзе рукавы мяцеліц
цягнуцца ў вокны нам.
 
Бывае, блакіт і ціша
раніцай. Снег гарыць
сонцам, што дахаў вышай
да вечара не збяжыць.
 
 
* * *
На два бакі свету гляджу –
на поўдзень і поўнач.
Я свой папярэдні маршрут
ніяк не запомню.
 
Дзе быў паварот і калі
я збочваў у поле?
Там цёплыя сокі зямлі,
высокая доля.
 
Шукаю яе. Па шляху
блукаюць дзяўчаты.
І нехта працягне руку
за строгія краты.
 
Здалёку пяе салавей,
і ў зоркавай далі
сярод забыцця і завей
вагаюцца шалі.
 
На два бакі свету гляджу.
Прымаю рашэнне.
Няхай не зацемняць душу
касматыя цені.
 
 
* * *
Пералаз. Праз людзей і дні,
дзе балотам – расчараванні.
Ты відзежай мяне сасні
ў чарадзе чалавечых зданяў.
 
Ёсць жа белыя, толькі мне
твары чорныя ў твар смяюцца.
Як па карме, не па віне
людзі чорныя люта б’юцца.
 
Людзі белыя ў страху ўсе
па закутках чужых схаваны.
Людзі белыя праз сябе
прапускаюць чужыя раны.
 
Людзі чорныя. Не ўздыхнуць.
Не праветрыць пакой смуродны.
Людзі чорныя ў смерць ідуць
да пагібелі злой бязроднай.
 
Людзі белыя. Мне без вас
не спяваць, не бываць паэтам.
Людзі белыя. Прыйдзе час
я падзякую вам за гэта.
 
 
* * *
Сонца прывычна жмурыцца.
Восені гіблы лёс.
Новай зімы віхурынкі
з далі нясе мароз.
 
Тыдзень ці, можа, месяц
нам да завейных дзён.
Стане гуляць па свеце
снежань між белых крон.
 
 
* * *
Калі я стаю, то хвіліны паўзуць
і дзень невымерна задоўгі,
а тыдні і месяцы жвава бягуць.
Пустуюць дарогі.
 
Калі ж я рушэнне якое паддам
і думкам і дзеянням злосна,
то дні пралятаюць на дзіва гадам,
гады ж запыняюцца ў вёснах.
 
Таўкуцца хвіліны, ім дня не стае,
спяваюць, хвалююцца, плачуць.
І дзень трохі часу начнога крадзе,
турботамі азадачаны.
 
Жыццё напаўняецца воляй адной –
упартай, цярплівай, калючаю.
Задачы паўсталі скалістай гарой.
Чакае работа гаючая.
 
 
* * *
Я замаўкаў, і дні цяклі
спакойна, роўна.
А вечар свечачку паліў,
паліў цудоўна.
 
Я размаўляў з самім сабой
(папраўдзе – з Богам).
І зорак зманлівы канвой
свяціў дарогу.
 
Але адранку, як здымаў
маўчання шторы,
то да мяне, як на вакзал,
ішлі акцёры.
 
Распазнаваў іх ролі ды
сляпую хітрасць.
І беглі праз мяне сляды,
скажы на міласць!
 
І разумеў, што я такі ж
акцёр тэатра,
дзе ад душы сваёй бяжыш
ад сёння ў заўтра.
 
Аднак я ролі не здалеў
свае вывучваць –
ізноў праменьчыкам гарэў,
расой над Случчу.
 
Я замаўкаў, мяне ў стагах
спакой агортваў.
І адступаў паўсюдны страх,
я быў не мёртвы.
 
 
* * *
Ты не за тое, што сказаў,
заплачаш з высі, –
але таму, што прамаўчаў
да смертнай рысы,
 
што баязліва прыбярог
спакой штодзённы;
жыццё, ступіўшы за парог,
прайшло бясплённа.
 
Дык абвяшчай, паэт, смялей,
што ўнутр засела.
Душу парваную заклей
ты праўда белай.
 
Як не зрабіў, што скажаш там,
адкуль спусціўся?
Спяшайся ўзводзіць вышні храм
да вышняй рысы.
 
Як увасобіўся – то кроч
у тленным целе,
хаця б вакол стаяла ноч
без зорнай белі.
 
 
* * *
Я вырашаў пытанне
зла і дабра ў сабе.
Быццам жадаў адхлання
ў быце і барацьбе.
 
Зло мяне забівала,
пляжыла на шляху,
гучна хрыбет ламала,
зломлівала руку.
 
Сцяўшы зубамі крыўды,
я заклікаў дабро,
бачыў тунель, прарыты
скрозь небыццё і тло.
 
Я вырашаў пытанне
зла і дабра, пакуль
не засланіла ранне
ад навальніц і куль.
 
 
Міленіум
 
Помніш, як снег ляцеў?
Лёгка было і радасна
бачыць, як плаўна падае….
Помніш, як снег ляцеў?
 
Помніш, як снег ляцеў?
Год нарадзіўся. Студзень.
Раніцай спалі людзі.
Помніш, як снег ляцеў?
 
Ты яго абдымаў
з ганка паглядам белым.
Тайна цябе сустрэла,
год, новы год настаў.
 
Ціха, бязлюдна, ды
поўнілі горад снежны
радасці непазбежнай,
бучы начной сляды.
 
Помніш, як снег ляцеў?
Век адчыніўся ўночы,
мякка ў завеі крочачы.
Ах, як жа снег бялеў…
 
 
* * *
Балела душа, балела.
І выйсці хацела з цела.
 
Але без Гасподняй волі
не сыдзеш з жыцця ніколі.
 
Але ў бесцялесным свеце
ўсё так, як і на планеце:
 
дарога, сляды, пакуты,
якімі надзейна скуты.
 
Таму не бяжы з зямнога,
дзе працы штодзённай многа.
 
Тут можна бяздумна верыць,
што шчасце скрабецца ў дзверы –
 
ледзь чутна сярод завеяў,
аднак ты яго пасеяў.
 
Іскрынка ў цямрэчы лютай
успыхне, азорыць смутак.
 
Маленькая, сонцам стане
сугучна тваім жаданням.
 
…Балела душа, балела.
Гарэла душа, гарэла.
 
Раджала радкі і ноты
без фарбаў і пазалоты.
 
 
* * *
Калі філасофія меркне,
калі псіхалогія – нуль,
калі не мяняюць і цэрквы
жыцця, не ратуюць ад куль, –
 
тады выступаюць мелодый
крылатыя войскі, і ты
няведама як, а выходзіш
на сонечны бляск з цемнаты.
 
Імкне наша музыка ў сэрцы,
ляціць наталяць і лячыць.
Адной толькі музыцы верце,
з адной толькі музыкай жыць.
 
Рэлігіі, бачыш, грызуцца
за паству і ўладу штодня,
навукі напорыста пруцца –
у кожнай ёсць праўда свая.
 
Няма ў іх апоры, бывае,
і толькі завыеш падчас.
Ды музыка лёгкая знае
загадку, як вылечыць нас.
 
 
* * *
Я выседжваў вершы
і прозу выседжваў.
Праплывалі радкі за вакном.
Нараджаліся проста –
як мне не належалі.
Быў чуллівым прыёмнікам дом.
 
Паўсядзённымі справамі,
зімамі снежнымі
і сяброўскай увагай падчас
напаўняліся словы –
і мне не належалі,
і складаліся тэксты за раз.
 
Усміхаўся і плакаў
з героямі мройнымі,
засынаў з вершаваным радком.
І здаваліся дні
пранікнёна-спакойнымі,
і гарэла святло над сталом.
 
 
* * *
З хаосу вырастае нешта –
не ў радасць нам і не ў дакор.
Нібы бязладдзе думак рэшата
адсейвае да пэўных пор.
 
Мазгоў узрушаныя звіліны
фільтруюць пустазелле слоў.
І думкі пырхаюць акрылена
між запаветных берагоў.
 
Аднак збіваецца праграма –
і мелем за лухтой лухту.
Нібы хаос прабіўся ў браму,
запоўніў душаў пустату.
 
Як зачыніць касмічны сметнік,
як думкам зладзіць між сабой?
Мінаюць дні і кіламетры
ў краіне стылай, нежывой…
 
Паэт на доктара падобны,
калі ў галовах смерць і бруд.
Ён суцішае крык вантробны,
над словамі ўчыняе суд.
 
 
* * *
Калі не змагу пісаць,
то, пэўна, мяне не стане.
Сярод мільёна расстанняў
расстанню майму стаяць.
 
Расстанне, як скрыжаванне,
дзе тры шляхі з чатырох
не выберу, далібог,
і шлях тупіковым стане.
 
Пакуль жа ваджу рукой
і ўсе скрыжаванні лёгка
мінаю ў дарозе дрогкай,
хоць звілістай, ды жывой.
 
Калі пісаць не змагу,
то, пэўна, мяне не будзе.
І вопыт, што ціснуў грудзі,
запоўніць сабой раку.
 
Калі не змагу пісаць…
Дык гэта ўявіць няможна.
І ўсё-такі як трывожна –
калі не змагу пісаць!
 
* * *
Мая сутнасць – возера,
берагі ў трысці,
светлы гай бярозавы
(як бы дабрысці).
 
Сутнасць мая – чорная
далячынь без слоў,
дзе дарогі торныя
ў прорве берагоў.
 
Супярэчнасць дзікая
залягла ўнутры.
Роспачнымі зыкамі –
буры і вятры.
 
Дзе Хрыстос, а дзе цяпер
войны і суды?
Стоенаю вераю
зацяплю гады.
 
 
* * *
Не магу сябе выказаць,
я дурнейшы за слова.
Кожны дзень гора мыкаю
ў невымоўнай размове.
 
Не магу паказаць сябе,
так бы мовіць, па поўнай…
Як не могуць аддацца мне
словы ў завязі роўнай.
 
Я завязваў бы словамі
хвілі шарай гадзіны.
Я расказваў бы моваю
лёс ціхмянай радзімы.
 
І гаямі пры Свіслачы
праспяваў бы я з ветрыкам
пад вярбінай навіслаю
ўсё сваё запаветнае.
 
Не магу сябе выказаць,
бо радзіма вышэйшая
за ўсе показкі звыклыя,
за ўсе былі тутэйшыя.
 
Пцічы, Віліі, Прыпяці
кроў струменіць лясамі.
Кроў цячэ з Божай міласці,
знітавана вякамі.
 
Кроў цячэ…
 
 
* * *
Мы прагнем лёсу перамен,
будуем самі.
На скрыжаваннях што ні дзень
здаём экзамен.
 
Як снежань свечкі распаліў
на ёлцы кожнай,
з нас кожны новае адкрыў
на новай пожні.
 
Жывём як быццам наўздагад
за кошт эмоцый.
Чарговы дзень, як родны брат,
за намі сочыць.
 
Людская моц ва ўсе вякі –
пакуль мы разам.
Цячэнне бурнае ракі
сціхае часам.
 
Сівеюць валасы, а мы
ўсё тыя ж дзеці,
дзе шлях няхітры і прамы
на белым свеце.
 
 
* * *
Лесвіца ўверх
і лесвіца ўніз.
Як не паблытаць?
Гэта не фортэль пусты,
не капрыз,
а перажытае.
 
Лесвіца ўніз
і лесвіца ўверх.
Не памыліся.
Ці толькі ў яму
маеш намер.
Ці толькі ў высі.
 
Лесвіц праходзім,
пажыўшы, зашмат.
Гэта не тыя.
Тут як пайшоў,
не павернеш назад –
як зачынілі.
 
Лесвіца ўверх
і лесвіца ўніз.
Дайце падумаць…
Вось ужо лезуць
нейкія ўвысь,
падаюць шумна.
 
Вечна ніхто
не жыве на зямлі,
нават каменне.
Людзі да лесвіц
цугам ішлі –
як да збавення.
 
 
* * *
Стане словам прасторна  –
уздыхну я вальней,
нібы з далечы горнай
прагукаў салавей.
 
Стане цела лягчэйшым,
я на росы ступлю
і найноўшыя вершы
падару салаўю.
 
Мы давеку адзіным
паяднаны жыццём,
за прысадай язміну
прытуліўся наш дом.
 
Стане словам прасторна…
 
 
* * *
Памяць спрабуе ўспомніць,
памяць варушыць дні.
Памяць гадам не роўня.
Памяць, што кроў зямлі.
 
Скажаш, яна скажае
факты любыя нам,
быццам не заўважае,
дзе дыямент, дзе хлам.
 
Скажаш, яна ўсё ў кучу
валіць – не разбярэш.
Скажаш, яна нас лучыць
без рубяжоў і меж.
 
Толькі скрозь павуцінне
снегу, што ў ноч ляціць,
памяць падчас нахлыне
так, што душа згарыць.
 
Дзіўная штука, памяць.
Праўда, было ці не?
Часу ліхая замець
гойсае на дварэ.
 
 
* * *
Праганяю разумнае:
“Адкасніся, сыдзі!”
Толькі водгукі сумныя
пахаваны ў трысці.
 
Ля ракі стыне зазімак,
вербы ў шэрані ўсе.
І дарога расказвае
аб марознай красе.
 
Па-над рэчкай ціхмянаю
замаўкаю, як лес.
Бачу гронкі румяныя,
дрэва ў ягадах спрэс.
 
З арабінай прырэчнаю
стрэну сонца пагляд
і пайду ў даль адвечную,
павярнуўшы назад.
 
Азірнуцца асмелюся
я хвіліны праз дзве:
след загадкава сцелецца
ў серабрыстай траве.
 
 
 
* * *
Я вырабляю тэксты
ў радасці і ў бядзе.
Тэксту шукаю месца –
там, невядома дзе.
 
Будзе ён кім прыняты
ці прачытаны кім –
тое пакажуць даты,
што праляцяць над ім.
 
Тэкстам шукаю выйсця
быццам з цянётаў дзён.
Тэкст аблятае лісцем,
як зарудзелы клён.
 
Тэксты мае, што дзеці,
прагнуць увагі ды
ходзяць яны па свеце
многія ўжо гады.
 
Нехта прыстаў да дому,
нехта і песняй стаў.
Нехта бруіць нястомна
ў чыстай рацэ між траў.
 
Нехта ж бадзягам шэрым
зноў да мяне прыйшоў,
стукае ноччу ў дзверы
скрозь аблачыны сноў.
 
 
* * *
Называюся лайдаком,
насамрэч жа
я качу ўгору снежны ком,
шлях як вечнасць.
 
Нарастае паціху ком,
з кожным крокам.
Называюся лайдаком,
лежабокам…
 
Чую смех я і чую плач
нейчы знізу.
Запускаю свой ком наўскач,
без капрызаў.
 
Ён хіснецца і паляціць
хутка долу.
З кожным днём я вучуся жыць –
гэта школа.
 
Падымаю нанова ком
летуценняў.
Ды зрываецца ён са стром
неадменна.
 
 
* * *
Выяўляю сябе ў радках  –
гэта я, толькі трохі кволы.
Нада мной невядомы страх,
я пад ім без адзення, голы.
 
Ну, а можа быць, пада мной
страх магілу мне спраўна вырыў –
для знябытай душы жывой,
што без вершаў, нібы без крылаў.
 
Выяўляю сябе, бо я
больш нічым не патрэбны свету –
недасяжнага жураўля
незмаўкальная песня гэтая.
 
Выяўляю сябе ў сябрах,
толькі іх на зямлі замала.
Бессэнсоўнасць – адзіны страх,
бессэнсоўнасць прывычкай стала.
 
Тым не менш, пакуль верш гучыць,
сэнс дарожны зірне з-за хмараў.
Верш жыццю прадракае быць
і запальвае слоў пажары.
 
 
* * *
Між сустрэч і развітанняў
горад замаўчаў.
Толькі мокрае світанне
і дыханне траў.

Горад спіць, бязлюдных вуліц
дрэва і бетон.
Як стагоддзі не мінулі,
так было спакон.

Між сустрэч і развітанняў
варта адпачыць.
Горад лёг. Ды хутка ўстане,
каб нанова жыць.

Горад спіць. Але паціху
ў глыбіні кватэр
нехта скрыпнуў, чутна слыху,
вер або не вер.

Нехта звонка рассмяецца
і заплача ўраз.
Сонца ў лужынах прачнецца,
прывітае вас.
 
 
* * *
Дом палюбіць, кватэру,
ложак і цёмны кут,
логава, дзе без меры
выпіў ужо пакут.

Там, дзе тварыў рагаты
справы штодня свае,
трэба паставіць краты
ў яве і ў галаве.

Сілай бярэцца сіла,
б’ецца святлом турма,
горкае стане мілым,
бурнай вясной – зіма.

Што гэта, што такое,
словы цякуць куды?
Мірнай ракой жывою
вымкнулі з пустаты.
 
 
* * *
Вершы гэта мелодыя,
што вандруе ў крыві.
Вершы – гукі народныя,
токі крэўнай зямлі.

Іх паэт назапашвае,
задарма аддае.
Вершы – лісце апаўшае
на асенняй траве.
 
 
* * *
Калі мне становіцца туга
і стукае ў скроні адчай,
ірвуся з замкнёнага круга
ў запоўнены квеценню май.

Там недзе душа мая ходзіць
між яблынь у белых садах,
уся ў пералівах мелодый,
якія знікалі ў гадах.

Гукаю сябе несупынна –
падлетка ў маёвай цішы…
Ды коціць жыццё хуткаплынна,
віруе ў збалелай душы.
 
 
* * *
Мэты ўсе, дзе няма любові,
цягнуць зманліва ў тупікі.
Марнаванне і пустаслоўе,
бессэнсоўнасць ва ўсе бакі.

Прайгравалі жыццё такія,
што ўладарылі без мяжы.
Адзінокія і чужыя,
без апоры і без душы.

Зман – улада, і слава зманам
паласкалася, нібы сцяг.
Толькі вецер пяе сапрана,
дзе шырокі пусты прасцяг.

Без любові бывае люта,
гэтак холадна, як зімой,
хоць бы сонца стаяла крута
ў яркіх тропіках над табой.
 
 
* * *
Жанчына вабіць да сябе
прасторай воч.
І за жанчыну ў барацьбе –
бяжы ці кроч.

Загадка свету назаўжды
ў ёй палягла.
Яна ратуе ад бяды,
ад лёсу тла.

Спрадвечны сэнс, каб паяднаць
душу з душой,
жыццю агеньчык новы даць –
у ёй адной.

Сваю адзіную гукаць
няпроста як.
Нібыта ў гушчары шукаць
таемны знак.
 
 
* * *
Мозг нейроны ўключае,
мозг чакае навін,
мозг на грані адчаю
сярод доўгіх хвілін
ловіць хвалю такую,
дзе б любоў і спакой,
дзе б размову жывую
слухаць ціхай душой.
Жыць як дыхаць лагодна
хоча гэты дзівак,
быць у згодзе прыродай,
сам не ведае як.
 
 
* * *
Калі нічога не трывожыць,
тады турбуе пустата,
і бессэнсоўнасць скруху множыць,
і за спакой бы ўсё аддаў.

Але спакою не бывае
ў спакоі, ты ж з яго бяжыш
да дзейнасці, што насычае,
як сыр дармовы тую мыш.

Спакой з уяўных катэгорый
імгненна спараджае рух –
дзе мноства спраўджаных гісторый,
дзе непакоем поўны дух.

Жыві і рухайся паціху,
а то імчыся стрымгалоў
да поту сёмага, да ўздыху,
калі збіваеш ногі ў кроў.
 
 
* * *
Паразумецца, усвядоміць,
пачуць сусвету галасы,
быць не чужым ва ўласным доме
ва ўсе часы…

Нас раз’ядноўвалі дарогі
і вабіў новага павеў.
Хаду прыспешвалі трывогі.
Ды кожны нешта не паспеў.

Мы супакоімся калісьці,
прыспее суцішэння час,
дзе восень ветразямі лісце
пускае ў лужынах на нас.
 
 
* * *
Праз акіяны зла
плысці – майстэрства трэба.
Там, дзе любоў жыла,
зноў без аблокаў неба.

Востраў ці астравы,
выспачкі ў акіянах…
Вераю зліты мы
на караблях жаданых.

Плысці камандай той,
што між сабой сябруе.
Выйсці з віхуры злой,
што дзень і ноч пануе…

Ступім на берагі.
Рыжы пясок і вечар.
Будзем цяпліць агні
пад акіянам Млечным.
 
 
* * *
Лінія на далоні…
З торбай, або ў кароне?
Поўзаць, або ляцець?
Золата, або медзь?
 
 
* * *
Нітка-душа трымціць,
плача ганебна.
Быць ёй або не быць –
думка залегла.

Між павуціння мрой,
спраў і памылак
хочацца быць жывой,
а не магілай.

Нітка-душа трымціць
неперарыўна.
Хочацца ўсё-ткі быць
з сонцам і мірам.
 
 
* * *
Пазіраю на Горад Багоў –
горы, горы…
Вакол гор ці то воблака сноў,
ці то мора…
 
 
* * *
Малітваю, што дасягае да дна,
сягае ў вышыні,
хачу перайсці са смяротнага тла
ў вячыстыя плыні.

Там словы – ключы да цяжэрных дзвярэй,
ці зможаш, паэце,
ты іх падабраць між імклівых падзей
у голасным свеце?

Дзе большасць усіх галасоў –
сумбурныя ноты,
а памяць пражытых часоў –
шляхі адзіноты.

І ўсё ж не адпрэчвай жывых,
яны заблукалі
ў туманах і морах людскіх,
дзе моцныя хвалі.

Малітваю, што скаланае душу,
імкнецца ў вышыні,
прабіся, паэт, я цябе папрашу,
на боскія плыні.
 
 
* * *
Дзве тысячы дзён не бачыў,
світае як на рацэ.
Світанне так многа значыць,
світанне – важны працэс.

Скрозь шэрагі дзён сцямнелых
світанне ляціць, імкне,
як ластаўка порстка, смела,
каб недзе дагнаць мяне.

Ці хутка яго пазнаю,
ужо, далібог, забыў,
як сонца раку вітае
на ўзмежку лясоў і ніў.
 
 
* * *
Час – пясок, пясчынкі – дні.
На гадзіннік свой зірні.
 
 
* * *
У душы заціхае музыка.
Мне без музыкі як?
І хварэю яе адсутнасцю,
і чарнею, што грак.

Я старэю штодня, суровею,
гнеўна гыркаю на людзей.
Каб не жыць з анямелай моваю,
вымкні музыка, абнадзей.

Вымкні музыка, вымкні, мілая,
з неба, з долу, з лясоў.
Надзялі непакорнай сілаю,
ажыві маю кроў.

У кватэрах не грае музыка.
А без музыкі мы,
як дурныя вароны шустрыя…
ці пустыя дамы.

Слепа веру, што аб’яднаюцца
слова з музыкай ды
ад бядотаў зямля аправіцца
праз гады і гады.

А пакуль зубы сцісну горка так,
што душа прыцішэе ўраз.
Пабрыду непраходнай горкаю,
каб прыспешыць сустрэчы час.
 
 
* * *
Моцна бразгалі зброяй,
загараліся хаты.
Ні хвіліны спакою.
Божа, хто вінаваты?

Прашываліся целы
то асколкам, то куляй.
Вунь упаў нехта – белы,
кроў на камні лінула.

Сонца ўсё назірала,
чырванела падвечар.
Вёска чорнаю стала
ад бяды чалавечай.

Хвацка бразгалі зброяй,
брат кідаўся на брата.
Каласілася поле…
Божа, хто вінаваты?
 
 
* * *
У краіне слоў, значэнняў,
у краіне мрой
ходзяць прывідныя цені,
ходзяць за табой.

Ты краіну тую знаеш
з нараджэння дня.
На шляхах яе сядлаеш
рыжага каня.

Порстка скача за удачай
твой агністы конь.
Бег яго нямала значыць
ветру наўздагон.

Дзе сыходзяцца дарогі
ў даляглядзе дня,
конь разблытае трывогі.
Беражы каня.
 
 
* * *
Як печань жоўць, выдзяляю словы,
вяду штодня з сабою размовы.

Сусвет падзяляю на сэнс і гукі,
цягну да сонца позірк і рукі.

Зранку, як ложак яшчэ не астылы,
стаю ў малітве, прашу я крылы.

Ляцець над светам пакуль не ўмею,
глядзець, як поле шырока спее.

Ляцець над людам, выразна бачыць,
як зло іх поіць, ды іх іначыць.

Ляцець магчыма, як зла не маеш,
яно б цягнула ў зямлю, ты знаеш.

Малюся, праўда. Малітвы мала.
“Рабі, што можаш”, – душа сказала.
 
 
* * *
Жыць – адчуваць і дзейнічаць…
дзейнічаць, адчуваць,
лётаць шляхамі млечнымі,
зоркі ў далонь збіраць.

Жыць – гэта думаць правільна
і нараджаць сусвет.
Жыць – задыхацца тайнаю
дальніх начных камет.

Жыць – палюбіць і ворага
так, як сяброў любіў.
Жыць – калі плаціш дорага
проста за факт, што жыў.

Жыць – калі не раслінаю,
а чалавекам ты
творыш адной хвілінаю
нешта як з пустаты.
 
 
Юліі

Тады, як лёс нас разлучаў –
“Ты мой харошы!” –
шаптала ты, а я чытаў:
“Патрэбны грошы”.

І замаркочаны пайшоў
наўсцяж завулка.
А крокі, як каменне слоў,
гучалі гулка.

Дваццацігоддзе пралягло
з таго ўжо жніўня.
І надарванае крыло
маё зажыла.

Не меў нічога я тады.
Цяпер не маю.
І толькі доўгія гады
палёт трымаю.

Мы праляталі па сваіх
арбітах кожны.
Я зрэдку ў вобліках людскіх
твой зрок трывожыў.

Зусім нядаўна ў ясным сне
цябе пабачыў.
І ты сказала: “Для мяне
ты многа значыў.”

Балюча зведаў, што любоў
не памірае.
Пад каламутаю гадоў
яна жывая.

І ўспамінаю да драбніц,
як мы стаялі
між паваенных камяніц.
Лісткі зляталі.

Як ты ішла ў любы мароз
насустрач ветру…
Ды вызначыў ужо нас лёс
па ўсіх прыкметах.
 
 
* * *
Што мне папрасіць для дарогі?
Вясёлага сябра і сон,
які на прывале трывогі
развее ці выганіць вон.
 
Што мне прычакаць для забавы?
Такія праблемы, каб я
іх вырашыў з лёгкасцю справы,
яшчэ й папрасіў іх у дня.
 
Што мне пажадаць для любові?
Каб сэрца змякчэла няўзнак
ад нейкага гора чужога,
што стрэну няведама як.
 
Што мне папрасіць для малітвы?
У моры страсцей і трывог
каб змоўклі заўсёдныя бітвы
ды ў цішы расчуў мяне Бог.
 
 
* * *
Мы прагнем лёсу перамен,
будуем самі.
На скрыжаваннях што ні дзень
здаём экзамен.
 
Як снежань свечкі распаліў
на ёлцы кожнай,
з нас кожны новае адкрыў
на новай пожні.
 
Жывём як быццам наўздагад
за кошт эмоцый.
Чарговы дзень, як родны брат,
за намі сочыць.
 
Людская моц ва ўсе вякі –
пакуль мы разам.
Цячэнне бурнае ракі
сціхае часам.
 
Сівеюць валасы, а мы
ўсё тыя ж дзеці,
дзе шлях няхітры і прамы
на белым свеце.
 
 
* * *
Збярыцеся ўсе, каго моцна любіў,
між гэтых радкоў летуценных.
Хто памяць празрыстую мне падарыў,
жывыя імгненні.

Хто верыў нязгасна, што спраўдзіцца час,
калі мы абнімемся ўволю.
Хто ведаў: залётныя злыбеды нас
не скораць ніколі.

Сыходзьцеся ўсе, каго моцна чакаў,
у нашым пакоі высокім,
дзе слёзы расы, пах няходжаных траў,
вясновыя сокі.

Чакайце, чакайце! Імгненне адно
праз міг ужо Вечнасцю стане,
асветліць шляхі і глыбокае дно;
шарахнуцца здані.

Хай кожны агеньчык з сабой панясе,
вандроўнікам пойдзе па свеце,
каб сведчыць наўкол аб зімовай красе
і сонечным леце.
 
 
* * *
Спакойна і трохі павольна
глядзеў, як сплывалі гады.
Сплывалі за рысу раздольна,
наўрад ці паспееш туды.

Сядзеў назіральнікам простым,
ды нешта падчас і рабіў.
А вёсны, духмяныя вёсны
ішлі над прасторамі ніў.

І клаліся зімы такія,
што радасць напятая мне
не-не, ды дзівосы адкрые
па сходнай, бывала, цане.

Сядзеў, а гады праплывалі,
ішоў, а яны ўслед за мной
спяшаліся і паспявалі,
я з імі самкнуўся душой.
 
 
* * *
Творчасць будзяць душы пажары.
Творчасць – гэта калі
з голасу або струн гітары
льюцца песні зямлі.

Творчасць, быццам вясна на рэчцы,
калі ломіцца лёд,
калі ўдалечыню нарэшце
паплыве крыгаход.

Гукі, думкі і дзён чароды
плынь нясе ў мора ціш.
Творчасць – гэта калі з народам
адной свечкай гарыш.
 
 
* * *
Сябе будаваў з камення,
якое знайшоў на шляху,
дзе дрэвы расклалі цені
на ўзбочыне і імху.

Я замкам непераможным
хацеў для нападнікаў стаць.
Няспынна каменне множыў
і ладзіў моцную кладзь.

Ды толькі лунала думка,
што замак не ўберажэ,
што трэба шукаць ратунку
на скрыжаваннях шашэй.

Стаць проста на скрыжаванні
ў кашулі і басанож,
каб аўтамабіляў здані
ўзразалі цябе, як нож.

Ты чысты і ты адкрыты
нападнікам і вятрам.
Ніяк не ўхіляйся бітвы,
у бітве гартуйся сам.

Насуперак замкам каменным,
дзе ёсць недавер і змрок,
стук сэрца жыве нятленны
як сонечны абярог.
 
 
* * *
Калі неразумнае не разумею,
калі мне няўцям мудрацы, –
прашу ва Ўсявышняга гэтакага клею,
каб склейваць сусвету канцы.

Сусвет ува мне разрывацца не хоча,
ён хоча акруглым пабыць,
жадае глядзець па баках ва ўсе вочы
і з Космасам моцна дружыць.

Сусвет мой – паветраны шарык суцэльны,
ляцець між аблокаў рашыў.
Сусвет наталяецца воблачнай беллю,
красою азёраў і ніў.
 
 
* * *
Перадужваю звера ў сабе.
Звер са мной размаўляе.
У штодзённай такой барацьбе
адступаю ад краю.

Звер злуецца, што я не такі,
каб яму даастатку аддацца.
Ён, што поіць з крывавай ракі
ўсе вякі сатанінскае брацтва.

Звер адранку чакае мяне,
хоча стаць адной часткай з душою.
Ён упартасць паэта кляне
і яго легкакрылыя мроі.

“Прызямліся, – нашэптвае ён.
Ты – матэрыя, больш анічога.
Барацьба, пажыранне – закон,
вось што вы атрымалі ад Бога”.

Я маўчу. Мы насупраць стаім.
Звер баіцца падацца наперад.
Над зямлёй – туманы, быццам дым.
Туманы над зямлёю без меры.
 
 
* * *
Мяжа, нібы камета,
суровая мяжа,
на цвёрдасці кастэта,
на даўжыні нажа.
 
Мяжа – далёкі востраў,
птушыны перазвон.
Мяжу спазнаць няпроста
на скрыжаваннях дзён.
 
Мяжа – блакіту высі,
дзе летуценні ўсе
ціхутка сабраліся
ў нябачанай красе.
 
Штодня па белым свеце,
здарожаны, хаджу.
Шукаю на планеце
бязмежную мяжу.
 
 
* * *
Раскрышылася памяць
на ільдзінкі адны.
Часу белая замець.
Серабрыстыя сны.
 
Я былое ніколі
не збіраўся знайсці.
Загартоўваўся болем,
начаваў у трысці.
 
Памяць сцерці як можна?
Як прымусіць забыць
аднаго бездарожжа
несупынную ніць?
 
Спатыкаўся і плакаў,
вецер слёзы сушыў
між прымроеных макаў
і заснежаных ніў.
 
Гор няма і міжгор’яў
у краіне маёй,
тут адных толькі мрояў
сумесь з плыткай крывёй.
 
З непахіснаю верай
напяваць гімн вясне
у зіме невымернай
заставалася мне.
 
 
* * *
Рэдка-рэдка Беларусь бачу ў сне,
як расой заліты луг па вясне.
 
Гэтак мрою я радзіму сваю,
кожны раз па глыбіні пазнаю,
 
глыбіні яе гаючых нябёс,
дзе пад сонцам заблішчэў рыжы плёс,
 
дзе вада цячэ крывёю зямлі,
дзе жытнёвыя духмяняць палі.
 
Беларуссю павязаны навек,
як лясы яе – вяроўкамі рэк.
 
Яе вочы – краявіды азёр,
а душа – неспазнавальны прастор.
 
Рэдка-рэдка Беларусь бачу ў сне,
як каханая лагодзіць мяне.
 
Дзе вярбіна ціха плача ў ваду,
я туды пакуль ніяк не дайду…
 
 
* * *
Музыку чую зрэдку,
порсткія блікі нот
будзяць нейронаў сетку,
жвавы яны народ.
 
Ноты нясуцца ў сховы
нетраў жывой душы.
Ноты вядуць размову
ў злагадзе і цішы.
 
Музыка, будзь жывою.
Музыка, асвяці.
Музыка да спакою
вышняга даляці.
 
Вось я прачнуўся. Нешта
рухае кроў і плоць.
Ноты бягуць паспешна,
як загадаў Гасподзь.
 
 
* * *
Апасайся пустаслоўя
і благіх вачэй,
апантанасці любоўнай
з бессанню начэй.
 
Сканцэнтруй усё былое,
забяры ў цяпер.
У нязначнае, малое
ты таксама вер.
 
Не маркоцься, калі джаляць
выбранасць тваю.
Апасайся, калі хваляць,
ва ўнісон пяюць.
 
Хоць падчас і не па сілах
нам любіць людзей,
называй любога мілым,
сэрцам пацяплей.
 
Апасайся і не бойся,
стой, ды ўсё ж бяжы.
Крый жа Бог, не супакойся
нават на мяжы.
 
 
* * *
Я расхінуся ўсім вятрам,
суровай сцюжы.
І пад выццё і тарарам
падстаўлю вушы.
 
Я буду слухаць што ні дзень,
як адчуваю,
пакуль застуджаны прамень
мой выгарае.
 
І ад гарэння на вятрах
запалымнею.
Панішчу немарач і страх,
зіму сагрэю.
 
Пакуль прамень не дагарыць,
вясны не будзе.
Але і ўзімку годна жыць
умеюць людзі.
 
І суцяшае: недарма
жылі мы з вамі,
калі высокая турма
наўкол гадамі.
 
 
* * *
Да мяне эйфарыя
не прыходзіць даўно.
Бродзяць думкі чужыя
і кладуцца на дно.
 
А душа толькі ў слове
выплывае наверх –
па адчайнай замове
на мой восьмы паверх.
 
 
* * *
Пражываю ўпушчаны дзень,
я згубіў яго яшчэ ўчора.
Уваходжу, як рыжы прамень,
у адчаю глыбокае мора.
 
Дай мне сіл, Гасподзь, дараваць
кроплю ў моры – слязінку дзіцяці,
як шэсць год давялося стаяць
каля ложка паўмёртвай маці.
 
 
* * *
Зараз не ўспомніш, мінаюць гады,
што мы хацелі.
Помніш, чакалі і звалі тады
вецер надзеі?
 
Гэтак бязветрана, помніш, было
і нерухома.
Раптам чаканае ў нас ажыло
ў садзе ля дома.
 
Раптам пялёсткі пасыпаліся
з яблынь і грушаў.
Нібы ўзляцелі на краі жыцця
нашыя душы.
 
 
* * *
Сніўся срэбны і завейны на падушцы сон:
пералёт сняжынак быстры, шэрагі акон…
 
Мітусіліся пушынкі, тыцкаліся ў шкло,
ткалі ўночы пад ліхтарняй белае радно.
 
Хоць напраўду мала снегу – слота і дажджы,
сон бялюткі і марозны рушыў па шашы.
 
Там святлом струменяць фары, таньчыць снегапад,
ды аб шкло маё сняжынкі б’юцца наўздагад.
 
І ні разу не прачнуўся аж да ранку я,
толькі бачыў – прападае ў снезе каляя.
 
 
* * *
Ціха, ціха наўкол, як няма чалавецтва,
ліхтары скрозь завейную сцюжу мігцяць.
Адзінокі прахожы ва ўтульнае месца
заспяшаўся з прыпынку, замерзшы стаяць.
 
Што жыццё? Барацьба і змаганне з завеяй
ці квяцісты дарунак ад шчодрых нябёс?
Нас агні і кватэры нязмушана грэюць
і праводзяць скрозь лёс.
 
 
* * *
Чакаеш цуду кожны раз –
адкрыеш вочы:
плыве гадзіннікавы час
і ўдзень і ўночы.
 
Гадзіннік ведае ўсе дні,
што пражывеш ты
на непакорлівай зямлі
ў высокай вежы.
 
І не прыспешыць стрэлак бег,
не запаволіць.
Жыве турботны чалавек
па нейчай волі.
 
 
* * *
Прымаю, лічу рашэнні,
каб паддалася праблема.
Стаяў перад ёй на каленях,
хапаў яе ў абярэмак.
 
Не вырашалася ўпартая
праблема пры ўмовах вядомых.
Я суцяшаў сябе жартамі,
калі кіраваў дадому.
 
Праблема цвіком тырчала
ў пустой кватэры зімою.
Маіх намаганняў мала
было, каб яе засвоіць.
 
З праблемай мне варта ўжыцца,
яна знітавана цвёрда
з душою – яны таміцца
ўдзвюх сабраліся горда.
 
 
* * *
Уваходжу ў рэжым няўдачы,
уваходжу ў рэжым.
За мяне хай жалейка паплача,
гэта проста экстрым.
 
Мне не хочацца зараз нічога,
дакучае хацець.
Адштурхнуся я проста з парога,
каб ляцець і ляцець…
 
 
* * *
Поступ зімы музычны
ператасуе памяць.
Памяць ціхутка кліча,
покуль сняжынкам падаць.
 
Ты ад мяне ў хвіліне
бегу скрозь павалоку
снегу, які пакіне
нам праз сябе дарогу.
 
Звонка, імпэтна, лёгка
грае зіма санаты.
Мы па сцяжынцы дрогкай
пойдзем з табой дахаты.
 
Хутка запалім печку
і дзівавацца будзем,
як у зімовай мглечы
шчасна святлеюць людзі.
 
 
* * *
Я ў дарозе лячыўся словам,
і ад слова хварэў.
Слова быццам ланцуг пудовы,
слова – квецень у дрэў.
 
Ці люблю я, ці ненавіджу
слова разам з людзьмі?
Мне адказам – тугая ціша.
Чаравікі ў крыві.
 
Мне спазняцца няма патрэбы,
няма сэнсу спяшаць.
Слова, слова хай будзе хлебам.
Наталіся, душа.
 
(2013–2015 гг.)