Нешта новае

Аляксандра Фагот
Дарога была слізкая ад вячэрняй расы.
Ажынавае неба з усіх бакоў прытуляла чырвоны яблык,
які ў аб'ектыве майго ружовага фотаапарату губляў сок.
І смак.
Мы плылі ў вільготным паветры насустрач новым уражанням і адкрыццям, што несвядома гарэзнічалі ў нашых зялёных галовах. Аганькі з маёй папяросы, старанна скручанай любымі пальцамі, разбягаліся ў розныя бакі, як пацерачкі з абарванага ланцужка. Некаторыя аказваліся больш удачлівымі: невядомыя сілы падкідвалі іх высока ўгору, так высока, што самыя адважныя здолелі даляцець да неба, схапіцца за хмары, адштурхнуцца ад іх нагамі і скочыць на месцы знічак, якія ўчора ноччу я хапала сваімі зрэнкамі і злавалася, бо спазнялася загадаць жаданне. Я заўсёды загадваю жаданні: калі бачу аднолькавыя лічбы на гадзінніку ці ў календары, калі ў маю далоньку прызямляецца пушынка-парашут з дзьмухаўцу, калі кідаю манету ў мора, каб абавязкова вярнуцца туды, дзе маё натхненне распраўляе крылы, калі дакранаюся да мармуровага фантана на плошчы св. Марыі Магдалены, вяртаючыся з заняткаў польскай мовы — ён заўсёды мяне слухае (а на першым годзе навучання ва ўніверсітэце быў амаль адзіным, хто мяне заўсёды слухаў) і адказвае цудамі.
Мы прытуляліся вясёлым смехам. Калісьці я не любіла прытуляцца. І не любіла смяяцца. Мы ўдыхалі водар жыцця, хаця наперадзе міргалі могілкавыя ліхтары. Толькі гэтыя ліхтары зусім не былі падобныя да тых, што любяць паказваць у фільмах жахаў. Самае страшнае ў жыцці рэдка бывае заўважным.
Ліпучыя травы шамацелі пад імглістай пенай мораку, калолі ў шчыкалаткі і выпушчалі са свайго гушчару вялізарных, галодных слізнякоў, якія, пакінуўшы назаўсёды свае хаты, ўвайшлі ў палкі вандроўнікаў, адзіная мэта якіх — гэта пужаць увечары дзяўчын, такіх жа ўражлівых, як я. Спачатку я заплюшчвала вочы, бо нешта існуе толькі тады, калі гэта бачыш. Аказваецца, я не мела рацыі: нешта існуе незалежна ад таго, бачыш ты ці не. Падарожныя мокрыя салдаты нячысцікаў праследвалі мяне, чакалі мяне на кожным кроку, за кожным кутом, пад кожным дрэвам. Усюль. Ведаеце, што такое сапраўдны гераізм? Гэта калі сябра, ахвяруючы сабою, імкнецца наперад, у бой са злом, але разумеючы, што паратунку ўсё роўна не будзе, хапае мяне на рукі і нясецца што мае моцы, распіхваючы целам ворагаў. Толькі дзякуючы таму, што я часта загадваю жаданні (а паколькі ўжо спланавала ўсё жыццё наперад, на ўсялякі выпадак загадваю застацца жывой, хаця ў той жа час найменш гэтага жадаю), мы выжылі. Іншы сябра, як і раней, з асалодай плыў па дарозе, расказваў анектоды і лагоднай усмешкай адсылаў дэманаў у падзямелле.
Мы прашмыгнулі каля капліцы, што з'яўляецца дакладным блізнюком іерусалімскай, і аказаліся на прыгожым анельскім мосце. І ён анельскі не таму, што я бачу сусвет эпітэтамі: пяць манументальных анёлаў узняліся з абодвух бакоў і ўважна сочаць за соннай, ціхай, шумнай, часамі п'янай вёскай, а шосты — пакутліва крэхча, прыціснуты да зямлі дзідай архангела Міхаіла. Калі шатан, кароль злачынстваў, панішчаны, зняважаны, знясілены, не мае моцы нават на нараканні, дыхае пылам і сёрбае ваду з брудных лужын, можна быць пэўным, што ніякае няшчасце, ніякія ліхія духі не праслізнуць праз велічную пераправу.