Залатар е

Юлия Ясень-Филипчик
                С. С.

Нашы іменні нідзе не запісаны.
Усё навакол парасло залатар'ем.
Залатым, ды чужым,
Залатым, да варожым.

Мне не трэба чужога,
Ні балесця, ні шчасця,
Ані мёду чужога ні кроплі.

Сухой горыччу душыць,
Шэрым попелам тхае
Ад сцяблінаў і кветак атрутных.
Васількі надта крохкія, -
Ім не адужаць,
Не змагчыся з такой навалай.

Ну, скажы мне, чаму так?
Чаму безадхланна?
Лета скон, скон жыцця.
Гэта кропка.

Вераском адквітнее, асыпецца долу
Цёплы верасень ў колазвароце жыцця.
І папоўніцца зельнік
Лісточкамі з дрэваў.
І дарэшты кастрычнік
Згарыць ў ашалелых агнях,
Сядзе долу ў волкім тумане.

І не здолее больш заблакіціцца неба!
Ў лістападзе дарана пасыпле сняжком,
І самотаю холада горад агорне
Дачасна зіма...

Гэта будзе нязначна,
Проста мінус адзін. Плюс адзін у нябыце.
А ў сярэднім якраз
Гэта градус для снегу.

А калі выпадкова ў студзені, ў лютым
Ты патрапіш у страшную замець ці голць,
Або сібер калючы працяне да болю,
То ратуйся тады васількамі ў сэрцы.
Я пакіну свае да тваіх.

А пакуль што ты безвач!
А пакуль што ты безвач!
А пакуль што ты безвач
Бажавіш залатар'е!

Ну, скажы мне, чаму так?
Чаму безадхланна?
Васількам не адужаць!
Васількам не абрымсціць...
Проста мінус адзін.
Плюс адзін у нябыце.
.....................
А, мо, шчэ зальжэе?

26 жніўня 2017 г.