Самыя дзiуныя рэчы

Юлия Ясень-Филипчик
Самыя дзіўныя рэчы. Незвычайныя, нязвыклыя, асабліва прыгожыя ці прывабныя, або проста такія, што на самай справе не існуюць. Хацелася іх забраць. Са сноў. І дакладна не магу назваць зараз ні воднай.

Пачынаецца раніца. З той песні, з Той Песні і керамічнага кубка ў выглядзе свабоднай спадніцы з хвалямі несалодкай насычанай кавы. Моцнай і насычанай смакам. Вяртаюся ў пасцель з кавай і музыкай. Уладкоўваю падушку вышэй. І маю яшчэ з паўгадзіны вольнага часу раніцы. Па звычцы нацягваецца на плечы стары калючы плед ў цёмныя краткі, хаця ёсць ўжо ацяпленне. Гэта для кастрычніцкай утульнасці. Нам з пледам утульна. Заплюшчваю вочы і прыпамінаю сённяшнія сны, расплюшчваю і зазіраю з тэлефона ў "кантакцік".

Учорашнія мокрыя парасоны ў калідоры сцяклі вадой  і ад вільгаці драбіны чорнага насення на карычневым дыване далі зялёныя парасткі раслін-амарантаў.

У апошнім сне мяне тройчы намагаліся забіць. Згубіўшы зусім дужасць у змаганні са злачынцай, стала спыняцца сэрца, боль ахапіў левы бок, уздыхнуць не было як. Я закрычала. Так, разумееце? Ніхто не пачуў, але часам варта крычаць, каб выратавацца, нават калі дакладна ніхто не пачуе.
 
Але ў калідоры насамрэч куды больш цікава, там прарастаюць дзіўныя травы. Раслінная тэма - такая мая.

Свежае паветра праз прыадчыненае вакно начысае пакой сабой, жыццём, кастрычнікам, амарантам. Блакітнаватым, трохкаляровым, журботным. Ста сартоў. Усе, што ёсць. Бяру ўсё. Амарантавыя сны і легенды, парасткі і гронкі, рытмы і хлеб. І мару.
Мара ў амаранце. Падабаецца гэтае гучанне, на фоне музыкі і смака кавы - асабліва. Мара ў амаранце даўжынёй у восем тысяч год. Столькі я цябе чакаю. Раней не разумела такіх рэчаў і песень. І не адмоўлюся ўжо пазадзеля мяшчанскі-выкшталцонага ўбрання чужых сценаў з талерачкамі ды таннымі рэпрадукцыямі, пазадзеля звыклых поз на няўтульных падушках пустога да глыбіні душы пакоя, прысыпанага зверху кніжкамі і альбомамі, і тым больш, пазадзеля бясконцых пірагоў з усякім начыннем, ад рыбы з цыбуляй, што смачна, да грэцкай кашы, каб не скісла. Не размяняюся, як дзясятка, на рэшту з манетак.

Цяжка. Мне цяжка. Настрой кідаецца ад краю да краю. Палярнасці, магніты. А вусны, ці рукі, ці вочы твае мяне замагніцілі? Самая, самая прыгожая з соцень і соцень...

Самыя дзіўныя рэчы. Незвычайныя, нязвыклыя, асабліва прыгожыя ці прывабныя, або проста такія, што на самай справе не існуюць. Хацелася іх забраць. Са сноў. І дакладна не магу назваць зараз ні воднай.

10 кастрычніка 2017 г. (празаічная мініяцюра)