Маё жыццё зусiм як восень

Валентина Дробышевская
Маё жыццё зусім як восень:
То ясна, то самотны дзень…
Смяецца вераб’ём, галосіць
Пужлівай чайкай на вадзе.

То разгуляецца, як вецер,
І затрашчыць сухім галлём,
А то суцішыцца, як дзеці
Пад калыханку перад сном.

То ў архангельскім убранні
Б’е пазалотай па вачах,
То шчодра рассыпае раннем
Грыбы ў сцішаных лясах.

То зацвіце неспадзяванкай
Перад марозам на градзе,
То чорнай хмарай, як цыганка,
Пярсцёнак-сонца ўкрадзе.

То, як пунсовая рабінка,
Стаіць сярод нявест-бяроз
І заплятае павуцінкай
Сталеючую прыгажосць.

…Аб чым у дрэва лісце просіць,
Калі кладзецца на траву?
… Маё жыццё зусім як восень,
Таму, напэўна, і жыву.