чаго пажадаешь мне на Новы год?

Юлия Ясень-Филипчик
чаго пажадаешь мне на Новы год?
пажадай мне паехаць на аўтобусе
ў горад, дзе я нарадзілася
пажадай, каб плошча сустрэла
завеяй, у якой будзе мроіцца
дзяцінства, і ты побач
пажадай, каб гэта песня
гучала на рэпіце ў маёй крыві
яна нагадвае мне, якая я

я хачу бегчы па праспекце
дзе ўсё ззяе лямпачкамі
я буду бегчы, абмінаючы прахожых
што спяшаюцца ў крамы
за падарункамі і прадуктамі
а мне крамы патрэбныя толькі таму
што яны ззяюць лямпачкамі
я хачу бегчы ад цябе

я хачу бегчы за табой
да цябе, у тваім кірунку
пад песню на рэпіце ў маей
галаве. Ты - ў маёй галаве
праспекты заканчваюцца
ліхтары - не

будзь маёй лялечкай, прыгожай
дакрануся да сэрца -
скажаш: кахаю...
ляльцы дастаткова ведаць адно слова
мне дастаткова цябе адной
на ўсё жыццё.
аздобім сабе лялечны палац
у якім-небудзь здымным жытле
я буду тваім плюшавым мішкам

чаго пажадаеш мне на Новы год?
я не адкажу табе
калі-небудзь я забуду твае вочы
і усмешку, і як хацела трымаць за руку
калі-небудзь будзе іншая
ўсмешка. Рука...
Гарбата з чаборам і мятай
Пяшчота ў цёплай пасцелі

я не ўспомню цябе. Давай бегчы
разам, адначасова, насустрач
абмінаючы прахожых
па ззяючым лямпачкамі праспекце
праз завею. За руку
Ніхто мне не спадабаўся.
Толькі ты

31.12.17