Крестины на белорусском языке

Анна Владимировна Коваль
Хрэсьбіны

Сёння ў нашай хаце свята!
З’ехалась гасцей багата.
А чаму ? Што за прычына?
Сёння хрэсьбіны Галіны!

Вось да нас прыйшлі кумы,
Баба з кашай ,сваякі...
Падарункаў поўна хата,
Разумею – гэта свята!

Свята пачалося ўранні :
Падарункі, хваляванні...
Хата ходарам ідзе.
Назбіралася ж людзей!!!

Кожны справу сваю мае:
Маці між сталоў лятае,
Я – малую забаўляю,
Бацька ж мой гасцей стракае ...

Першым завітаў дзядуля,
Зразумела, з ім бабуля,
З крыкам: “А, мая нявестка!
На стале няма ўжо месца!
Хоць хвілінку адпачні,
Са свякрухай пасядзі!”

Нават свёкар не стрымаўся,
Звонка, гучна рассмяяўся:
“Колькі ж ты нагатавала!
Можа ты каго наймала?”

Вось прыйшлі бацькі матулі
І звярнулісь да татулі:
“Як ,зяцёк наш, пажываеш?
Што стаіш? Гасцей стракаеш?”

“Мая цешча дарагая!
Дапамогу я чакаю.
Вы дачцэ скажыце, цесцю!
Мы не зможам столькі з’есці!”

Смех рассыпаўся па хаце.
- Як жывеце ,сват і свацця?
- Ой, сваточкі дарагія!
Як жывём мы ?Чуць жывыя!

А далей пайшлі размовы,
Хто якой хваробай хворы,
Пра знаёмых ім людзей,
Зразумела ж , пра дзяцей...

Тут пачуўся стук у дзверы.
“Прахадзі ,ятроўка, дзевер, –
Маці ветліва сказала, -
Ой, залоўка, не пазнала!”

- Як ,мяне не пазнаеш?
Ну ты, браціха ,даеш!
“Значыць будзеш ты багатай!” –
Засмяялісь швагер з татам.

І хвіліны не прайшло
Адчынілісь дзверы зноў...
“Ну , праходзьце,нашы госці!
Што стаіце на парозе?

Ой, швагерка дарагая,
Ты праходзь, цябе чакаем! –
Тата ветліва сказаў,
А затым яшчэ спытаў:

Як пляменнікі мае?
Як вучоба? Нулі е?”
“Дзядзька рацыю наш мае,
Без нулёў жа не бывае!!!” –

Два стрыечныя браты
Адказалі...і тады
Хата смехам залілася.
Зноў размова пачалася.

Абмяркоўваюцца справы,
Хтось каштуе мамы стравы,
За хвіліну час ідзе,
Ад вяселля ўсё гудзе ...

Надышоў ужо час світання,
На хвіліну смех спыніўся,
Усе задаліся пытаннем:
“Дык чаму ж мы сабраліся?”

АННА КОВАЛЬ