Зiма зацiхла, бы спынiлася...

Юрий Боровицкий
***
Зіма заціхла, бы спынілася.
Такая доўгая зіма!
Збылося ўсё, што ўвосень снілася:
Зіма, і мамы ўжо – няма.

Няма малой радзімы тутака,
І дзе калісь была – няма.
Наўрад ці мой цягнік загрукае
Туды, дзе цёплая зіма.

Дзе ліпа ў правадах заблытана,
І дзе глядзіць у вокны дуб,
Дзе поўня зноў, нібы памытая,
Сядае адпачыць на зруб…

Дзе рос аер на росным поплаве,
На Тройцу ставіўся на кут,
Дзе ночы зорныя і цёплыя…
Няма малой радзімы тут!

І толькі з хвойніку, дзе могілкі,
Пацягне водарам сасны…
У сённяшнім зімовым позірку
Няма ўжо колішняй вясны.

27. 01. 2018 г.