Я выткала цябе...

Светлана Быкова
Я выткала цябе з вякоў бязмоўя,
З халодных нітак восеньскай тугі.
Каханнем назаву цябе, любоўю –
Бліжэй за ўсіх ты – самы дарагі.

Цябе я ведаю лепш за сябе – павер мне,
Ты – блізкі мне па духу, любы мой.
Між намі чысціня, святло давер’я,
Мы непарыўна звязаны з табой.

Сумую я – цябе мне не хапае,
Брыду адна, за мной – мой шэры цень.
Я аднаго цябе здавён шукаю
І веру – прыйдзе ён, сустрэчы дзень.

Сустрэнемся – адразу страпянецца
Душа, спавітая чакання ланцугом.
Я прамаўчу, ды загаворыць сэрца –
Узімку загрукоча майскі гром…