Цябе я ведаю...

Светлана Быкова
Цябе я ведаю… Ты ў дотыку ласкавым…
Не, не сняжынкі і не ветрыка рукі.
Цябе я чула некалі… Не ў шорхаце атавы,
Ні ў песні, што спявалі жаўрукі.

Ты – нешта большае – мая туга па дому,
Сцяжынкі да якога праз вякі,
Праз пусткі забыцця вядуць. Знаёмы
Мне позірк твой сур’ёзны.
                Дзівакі…

Мы разышліся на шляхах Сусвету,
Каб зноў сустрэцца некалі з табой.
Я адчуваю нашу еднасць гэту
Сваёй чуллівай, трапяткой душой…