Збавенне

Светлана Быкова
Дыхаць мне цяжка – сцінае боль.
Тыя, хто б'юць – не людзі.
Шчодра цярушаць на раны соль –
Боль апаляе грудзі.

Цэляць бязлітасна ў сэрца зноў,
Гледзячы прама ў вочы.
Кроплю за кропляй губляю кроў,
З цяжкасцю дАлей крочу…

Злосная хеўра шчыльна стаіць,
Зычыць мне хуткай смерці:
Хоча знясіліць, каб потым дабіць –
З твару зямелькі сцерці.

Зграя лютуе… Не абміне
Смерць у варожых кратах…
Толькі вось нехта светлы мяне
З рук вырывае катаў.

Раптам знікае смяротны боль,
Радасць змяняе скруху:
Ператвараецца ў лекі соль –
Светлым лячуся Духам.