Цi то чэрвень цi то май

Ольга Маро
У спёку чэрвеня ці траўня
Лес заахвочвае нырцоў
Зялёнай хваляй разнатраўя,
Пакрытай пенкай дзьмухаўцоў.
Хапі схаваны сёрф з-пад пахі,
Ды скоч кульком праз карані.
Ляці блакітам, шызы вяхір,
Крылом кароны баразні.
Слізгаючыся па ядвабу
Галін – русалкавых хвастоў,
Пі прахалодную прывабу,
Частуйся пырскамі з лістоў!
Нібыта з недахопу цудаў,
Нябескай шчодрасці рака
Ўсцяж далівае незабудак,
Каб бурапеніцца праз край.
Ратуй судзінкаю, сцяжынка,
Цягні тапельца з крутавін!
Мой карабель шапоча жвіркам,
Скрыгоча шчогламі хваін.
Раву пірацкім камандзірам
Сярод смарагдавых віроў.
Сябры- сасновыя рапіры
Сцябуць залётнікаў-вятроў.
Гай – акіянавае днішча!
Прайду праз лес, як Маісей,
Знасіць цярпліва гарадзішча
І брак гайданкі пакрысе.


Фота будзе.)))