Пра Папугая цi пра Сарок

Валентина Дробышевская
Дзве сталічныя Сарокі
Погляд мелі нешырокі:
Не патрэбна тым навука,
У каго засела думка
Паспяхова замуж выйсці.
- Па каханні? - Па карысці.
Днём раёны абляталі:
Жаніхоў сабе шукалі,
Ноччу гойсалі па свеце
(Па знаёмствах у інтэрнэце).

- Нам з табой, сяброўка, гора!
Паляцець хіба за мора?!
Бачыш, жаніхоў там шмат!
- Як на выданні дзяўчат.
Мы з табой інтэлігенцыя,
А за морам - канкурэнцыя.

Разглядалі нават Пеўня.
Потым плюнулі: "дзярэўня".
Верабей  жулікаваты,
Ды не мае сваёй хаты.
Шпак хоць і кватэру мае,
Ды ў чарку заглядае.
Крук разумны і багаты,
Ды стары і скупаваты.

Дзве сталічныя Сарокі
Гналі марамі аблокі...

Неяк раз, мае сябры,
Цуд з'явіўся на двары:
З форткі выпаў Папугай...
Думаў - пекла, глянуў - рай:
Дзве сталічныя Сарокі
Перад ім пайшлі ў скокі.
(- Вось дык выйшаў форс-мажор...)
- Хто Вы? Пан? Месье? Сіньёр?
- Папугай - маё імя!
Я да вас ляцеў здаля,
У дарозе прытаміўся...
(- Вось са мной бы ажаніўся!)
Так падумалі Сарокі,
Бо быў погляд нешырокі.

Папугай расправіў перыкі:
- Прывітанне вам з Амерыкі!
Шмат паразглядаў я ... месц -
Прыгажэй няма нявест!
Тут Сарокі ачунялі
І ва ўсю застракаталі:
- Папугай! Папугай!
Каго хочаш, выбірай!
Папугай у позу ўстаў:
- Вас абедзвюх пакахаў!
Палятаў па свеце я!
Будзе шведская сям'я!

Загудзеў увесь раён:
- Да Сарок пранік шпіён!

А Сарокі завіхаюцца...
Папугаю падабаецца!
На канапе ён ляжыць
І сваё "хачу" крычыць.

Ох, стаміліся Сарокі,
Ды як сталі крылы ў бокі:
- Ні халеры не працуе!
- Толькі ў "тысячу" лупцуе!
- Слухай, важны Папугай,
Ты таўпека і гультай!
- Больш няма ніякай веры!
-Прэч! - І выгналі ў дзверы.

- Вось дык выйшаў форс-мажор:
Рассмяшыў птушыны двор...

Зноў сталічныя Сарокі
Гоняць марамі аблокі...

...Так адразу  і не ўцяміш,
Покуль лямку не пацягнеш:
Што карысней: стракатаць,
Ці  светапогляд пашыраць.