Родныя птушкi

Тереза Магди
Кажуць, далёка, дзе сонца садзiцца за мора,

ў промнях чырвоных фламiнга стаяць у вадзе,
З небам злiваюцца крылаў ружовыя пёры,
Быццам  аблокi начуюць у той чарадзе.


Кажуць, калiсьцi сам цар са звярынага
свету
Бачыў  цыбатых, як водзяць яны карагод,
Зачараваны адценнем  жывога букету,
Каранаваў назаўжды той птушыны народ.

Можа i так: дзесьцi ходзяць y промнях заходу
Тыя красунi - фламiнга ў  далёкiх краях,
Так, але   ўчора на досвiтку  ў нашых балотах
 У белым тумане кружылiся два жураўля.


Крылы расставiлi, шыi ўзняўшы высока,
З клёкатам песнi зляталi з iх велiчных дзюб,
Крочылi разам сярод чаратоў i асокi,
Быццам бы гэта князёўна ды князь бралi шлюб.


...Хай няма пёраў ружовых, авацый плясканняў,
Цiха i мiрна  жывуць мiж балот жураўлi,
Бiлася сэрца ўчора ад шчасця спаткання -
З птушкамi  роднай маёй беларускай зямлi.