Макулатура

Аляксандра Фагот
Кніжкі загубіліся ў кардонных каробках.
Адно парушынкі
тужліва пераглядаюцца з імі
ў вільготнай цемры.
Паміж некранутых старонак схавалася
лісце з мінулай восені.
Увосень ніхто не думаў пра купаванне
неабходнай і безвыходнай макулатуры
для захоўвання прамінулых нас.

Кардонныя пудлы
(pudla - так скажа ён і несвядома акрэсліць
стан жыццёвае справы
ў маёй мове) -
скрынкі крыўд, незадавалення і нясталасці.
Сталая толькі іх закаранелая геалакацыя.
 
Гэта так дзіўна.
Быць нібыта дарослым
і чакаць, пакуль нехта іншы
давядзе да ладу
кардонны вэрхал.