Не забыць...

Татьяна Цыркунова
Пераканана я ў адным –
Нам пра былое не забыць,
Спалёных вёсак чорны дым...
Ён дзесьці ўсё яшчэ дыміць.
 
Ён не развеецца ніяк,
Навекі ўеўся ў памяць ён,
Загінуў у ім сусед, сваяк,
Нам не пазбыцца чорных дзён.
 
Яны ўсё цягнуцца радком,
Прыносяць сум ды непакой.
Ды слёзы набягуць – крадком
Дрыжачай іх змахну рукой.
 
Мы адчуваем недахват
Забітых чулых землякоў.
Нам не хапае родных хат –
Ахвярай сталі чужакоў.
 
Мы будзем помніць немаўлят,
Як жа яны хацелі жыць!
Ды жорсткі быў аддан загад –
Усіх знішчыць, аблажыць.
 
Пераканана я ў адным –
Нам пра былое не забыць.
Спалёных вёсак чорны дым...
Ён дзесьці ўсё яшчэ дыміць!