Яшчэ зiма...

Татьяна Цыркунова
Дзянёк iдзе такі прыгожы,
На небе сонца свеціць.
Без снега абыдзецца, можа?
Так хораша на свеце.
 
І вераб’і сядзяць на туі,
Як шэрыя камлыжкі.
Ад коршака я іх ратую –
У шыбу стукну лыжкай.
 
Яны схаваюцца так хутка,
На туі – паміранне,
А коршак узнясецца гнутка –
Прапала паляванне.
 
Вось раптам сойка прыляцела
Ды села на кармушку,
Сінічка недзе засвісцела –
Прагнаць хацела птушку.
 
А сонца свеціць, ды не грэе,
Халодны дзьмуе вецер.
Ды добра, што няма завеі,
Яшчэ ж зіма на свеце.