Затрымалася недзе вясна...

Татьяна Цыркунова
Затрымалася недзе вясна,
А буслы прыляцелі заўчасна,
Як ахвяры смяротнага сна,
І бусліная зорка загасла.
 
Немагчыма што-небудзь зрабіць,
Як бязлітасна ўсё ў прыродзе!
Як птушыную зграю "адбіць"?
Падтрымаць яе да паўнаводзя?

Спадзяваліся, мусіць, на лёс,
Быццам, мелі ўжо з ім пагадненне.
Лёс іх зграю на неба ўзнёс –
Абярнулася смерцю спазненне.
 
Засмуцілася сэрца маё,
Як бязлітасна ўсё ў прыродзе.
І нічога не варта жыццё
І людзей, і ў буслінай пародзе.
 
Затрымалася недзе вясна...
Нарабіла бяды, недарэка.
Ды прысудам смяротнага сна
Закавала балоты ды рэкі.
 
Затрымалася недзе вясна,
А буслы прыляцелі заўчасна,
Як ахвяры прыроднага сна,
І бусліная зорка загасла.
 
Затрымалася недзе вясна...