Неадчэпны я чую матыу...

Татьяна Цыркунова
Неадчэпны я чую матыў,
Бы далёка хто штосьці спявае,
Невыразнасць у ім, негатыў,
Мне тугу ён ды сон навявае.
 
Можа, гэтак лісцё шамаціць,
Што на дрэвах засталася цудам?
Можа, лёд на азёрах бурчыць,
Пранікнёным, паспешлівым гудам?
 
Можа, гэта красуня балот
Пажадала мне штось напрарочыць?
Можа, нехта ў чаканні грымот
Напужае ды хоча сурочыць?
 
Той матыў то слабей, то гучней,
І няма ад яго дзе падзецца.
Пераменлівасць гукаў мацней,
Разумею – вясна так смяецца.
 
Неадчэпны я чую матыў,
Толькі стаў ён раптоўна магутным,
Знік, прапаў увесь яго негатыў,
Гук вясны і прывабны, і чутны.