Навальнiца

Татьяна Цыркунова
Я не баюся навальніцы,
У ёй я бачу ачышчэнне,
Як знос зацверджанай граніцы –
Ды з воляю атаясненне.
 
Як толькі даляцяць грымоты,
Ужо надзею адчуваю,
Яны заўжды – канец спякоты,
Спагада – дожджык  ўраджаю.
 
Упалі першыя ўжо кроплі,
Забарабанілі па даху,
Нібы сярэбраныя кропкі,
Ды хутка набяруць размаху.
 
Дождж добры сілу набывае,
Маланкі, нібы промні свецяць,
Палі, лугі, усё залівае,
Здаецца, ён – адзін на свеце.
 
Напэўна, будзе дождж працяглым,
Бо неба раптам стала чорным,
І ў навальніцы ёсць зацятасць,
Грыміць, пужае надвячорак.
 
Я не баюся навальніцы,
Яна заўсёды даспадобы.
І не магу ў тым памыліцца –
У ёй галоўнае – свабода.