Дуб разложысты

Татьяна Цыркунова
Разложысты дуб спачывае,
Зусім яшчэ голае дрэва.
Ён холад адзін адчувае,
Не чуе птушыныя спевы.
 
Чаму ж ты, мой волат, самотны?
І што табе сніцца вясною?
Мо, летам пужалі грымоты?
Саромішся перад сабою?
 
А можа шалёныя ветры
Так моцна цябе напужалі?
Спявалі, стагналі ў паветры...
Не можаш пазбыцца ты жалю.
 
Напэўна, амуравы стрэлы
Адразу патрапілі ў сэрца?
Прыгожы ты, не састарэлы,
Куды ж ад кахання падзецца?
 
Няма на пытанні адказу,
Напэўна, сказаць не ўмее.
Вось сонца прыгрэе, адразу
Асілак наш зазелянее.
 
Ды птушкі спяюць яму песні,
Ды дожджык цяплюткі напоіць,
І дуб наш самотны ўваскрэсне,
Сардэчныя раны загоіць.