Калыска

Татьяна Цыркунова
На бацькаўшчыне ёсць калыска,
Без працы, на гарашчы.
Ёй, пэўна, сніцца час няблізкі,
Над дахам вецер свішча.

Няма ўжо сёння ёй работы –
Усе павырасталі.
Калісьці бацькавай турботай
Зрабіць калыску стала.

З радніны сеннічок пашыты –
У ім была салома,
Часцей за ўсё яна ад жыта –
Так зроблена свядома.

Калыска, нібы прыз наяўны,
Чаргова пераходзіць.
"Сюрпрыз" раптоўна стане яўным –
Зноў дзіцяня знаходзіць.

Спачатку я ў ёй гадавалась,
Пасля – і мой сыночак,
І да святла я з ім "змагалась",
Недасыпала ночак.

Унучка Ліза начавала,
Калі была маленькай,
І ночка хутка прабягала
Казуляй маладзенькай.

Браты, сястра – мая радзіна…
Мы ўсе – з адной калыскі!
Была яна нам, як радзіма,
Надзейнаю калісьці.

Была, як дабраты вытокам –
Дзяцей святы ахоўнік.
Ды гадавальнікам-патокам –
Дзяцінства прыстасоўнік.