Трэба проста iсьцi

Валерий Познякевич
Трэба проста ісьці
Сваім шляхам цярністым, няпростым,
Па сцяжынах жыцця,
Дзе калісьці хадзілі дзяды.
Трэба проста ісьці --
На палеткі глядзець і пагосты,
На азёрную гладзь
З пералівам ільду і вады.

Трэба проста ісьці,
Бо ў хадзьбе пазнаецца Айчына:
Прыгажосць тых куткоў,
Што для нас хараство зьбераглі.
Трэба проста ісьці,
Заставацца душэўным і шчырым,
Каб не страціць надзеі
І веры зямной берагі.

Трэба проста ісьці
Да той мэты якую абралі,
Каб пасля не блукаць
Па бяздумным і тлумным жыцці.
Трэба проста ісьці,
Каб на сэрцы праменьні зайгралі,
Каб мелодыю гукаў
Нашчадак твой сэрцам спасьціг.

Трэба проста ісьці,
Памятаць, што гасьцінцы, дарогі,
Да Радзімы вядуць,
Ад якой пачынаецца род.
Трэба проста ісьці,
Каб цябе не дагналі трывогі.
І рабіць справу так,
Каб табой ганарыўся народ.