Хрызантэмы

Ольга Жогло
 Кветкі сонца, хрызантэмы,
 Вас любілі каралі...
 Восень позняя - ваш тэрмін
 Красавацца на зямлі.

 Лебядзінай песняй лета
 Растрывожыце спакой
 Летуценнікаў, паэтаў
 І прынцэсы не адной.

 Колюць шэраня іголкі
 Вам пялёсткі, снег ляжыць,
 Ды гусцее водар горкі
 І мацнее прага жыць.

 Вашу мужнасць, хрызантэмы,
 Не зламаюць халады.
 Як карону дыядэмы,
 Вы расквецілі сады.

 Сціпла - велічна па-царску,
 З верасня і да зімы,
 Вы ствараеце ўсім казку
 І жывем у казцы мы.
 
 Ні мароз, ні снег не тушаць
 Каляровыя агні.
 Хрызантэмы грэюць душу,
 Быццам сонечныя дні.

 І пакуль яшчэ я ў тэме
 У жыцця, ці горш, ці лепш,
 Зноў пішу аб хрызантэме
 Новы верш.