Мне хочацца ведаць

Махнач Сергей Юрьевсын
Мне хочацца ведаць: каго я люблю (не люблю)?
Мне хочацца ведаць: чаму я жыву (не жыву)?
Мне хочацца ведаць: а што я знайду (ці згублю),
Падняўшы высока чужую (сваю) галаву?
Падкрэсліце тое, што трэба (ня трэба) любіць:
"Радзіма, работа, жыццё, жонка, дзеці, бацькі".
Што ў гэтым жыцці я павінен зрабіць (не зрабіць)?
Якія яшчэ напісаць (ці закрэсліць) радкі?
Мне хочацца ведаць ... А можа, забыцца, як след,
На ўсё, што казалі, пісалі, маўчалі аб чым?
Шукае адказ на пытанне заблытаны свет:
Чаму пра пачуцці свае мы наўмысна маўчым?
Чаму выбіраем таго, хто прыгожа пяе?
Куды адыходзім: на неба, ці проста ў зямлю?
Ня маюць дакладных адказаў пытанні мае,
Але я жывы, бо змагаюся, веру, люблю.

06.11.2018