***

Галина Гузенкова
Адарвалася ад роднай вёскі,
Ад яе спрадвечнага цяпла,
Ад бялюткай свечачкі-бярозкі,
Што ля брамкі нашай узрасла.

Адарвалася ад роднай вёскі,
Ад крынічкі, што ў лагу цякла,
І здаецца, мова перасохла,
А такою плыннаю была!

Недзе пагубляла тыя словы,
Што раней ліліся, як ручэй,
Размаўляю больш на рускай мове
(Гарадскім так разумець лягчэй).

У тлуме мне начамі дрэнна спіцца:
Шоргат шын, сігнальныя гудкі,
А засну пад ранне – вёска сніцца:
Сад і хата, у жыце васількі,

На акне ў гарлачыку рамонкі,
Свежы бохан хлеба на стале…
Малака струменьчык у даёнку
Б’е са звонам… Птушачка пяе…

Адарвалася ад роднай вёскі,
Ды ў душы не стала гарадской,
Мацярынскай песні адгалоскам
Парушае вёска мой спакой.