Беларуская мова

Галина Гузенкова
Беларуская мова

Беларуская мова,
Квяцістая мова,
Дзе ты краскі ўзяла,
Што ўпляла ў вянок?
Ты паклала ў аснову
Каласочак жытнёвы,
Далікатны рамонак,
Мяту і васілёк.

Беларуская мова,
Срэбнагучная мова,
Можа, птушкі баровай
Ты падслухала спеў?
Ты звініш, мая мова,
Ручаінкай вясновай,
Ты шапочаш ільном,
Што ў  полі паспеў.

Ціхай матчынай песняй
Ты гучыш на прадвесні.
Ты са мною і ў шчасці,
Ты са мной і ў бядзе.
Беларуская мова,
Твае шчырыя словы
Не забуду, клянуся,
Ніколі нідзе.