Бяроза

Галина Гузенкова
Хлапчукi паранiлi бярозу,
Ледзь не ў сэрца ўсадзiлi нож,
I пiлi бярозавыя слёзы -
Не жывая, шкадаваць нашто ж!
               
Скаланулася яна ад болю,
Ледзь стрымалася, каб не стагнаць…
Хлапчукi, напiўшыся ўволю,
Подбегам пакрочылі праз гаць…

А бяроза толькi перад раннем,
Крыху ветрам астудзiўшы боль,
Снiла, як аднойчы на свiтаннi
Тут грымеў металам жорсткi бой.

I такi ж хлапчук у сорак трэцім,
У пякучы лютаўскі мароз,
Падаў, ухапiўшыся за вецце,
Кулямі пранiзаны наскрозь.

Не мінулi кулі i бярозу,
Ды забыўшы пра уласны боль,
Бы матуля, устала пры дарозе,
Хлопчыка баронячы сабой.

Аддала б, здаецца, ўсё, што мела,
Напаiла сокам, толькi б жыў!
Але ж сок, марозам скуты белым
Не iшоў з яе прамёрзлых жыл…

Час мiнуў, ды ўсё навокал помнiць
Чорнай смерцi прагнае выццё.
I стаiць бяроза – белы помнiк
Заплацiўшым смерцю за жыццё.