Балада пра Каваля

Галина Гузенкова
Я нарадзiлася пасля вайны…
Мне зведацьжахаў тых не давялося,
Але палегла шмат маёй  раднi,
Як пад сярпом бязлiтасным калоссе.
Не бачыла я дзядзькі Васіля
І, пэўна, не пабачу ўжо нiколi.
Казалi мне, што лепей каваля
Не ведалi ў нашым наваколлi.
А вечарамі, як гармонiк браў,–
Нiводнай дзеўцы не ўсядзець ў хаце!
У суседняй вёсцы ён упадабаў
Блакiтнавокую красуню Кацю.
Былi шчаслiвымi яны спаўна:
Дом будавалi, гадавалi сына,
Ды чорнаю гадзюкаю вайна
Ужо паўзла на нашую Айчыну.

***
Крычала немым крыкам Кацярына,
Прыціх малы, бы нешта разумеў.
Благаславіла маці свайго сына –
Пайшоў Васіль туды, дзе бой грымеў.
Што стала з ім на тых крывавых сцежках?
Ні вестачкі, ні пахаванкі н’ат.
“Па нашых спісах, ён прапаў без вестак”, –
Так маці адказаў ваенкамат.

***
Ішлі гады. Старэла Кацярына,
Рос Колька, тварам весь у Васіля.
Цалуючы пажоўклы фотаздымак,
Матуля слёзы горкія ліла:
-Мой саколік родны, мой сыночак,
Па табе я выплакала вочы.
Галубочак мой, мая крывінка,
Згінуў у віхуры, як пясчынка.
Мой сыночак родны, мой саколік,
Мо, ляжыш, не пахаваны, у полі?
Ці ў магіле брацкай каля гаю?
Не, не веру! Я цябе чакаю!
Шызакрылы ты мой галубочак,
Хоць у сне прысніся мне разочак…

***
Па тэлевізары з нагоды светлай даты,
Смуткуючы аб паўшых на вайне,
Нам паказалі могілкі: салдаты
Там спяць на чужадальняй старане.
На белых плітах – прозвішчы і званні,
Спяць побач радавы і камандзір.
Агнём палаюць кусцікі герані…
І раптам…на адной пліце – “Васіль”.
І больш нічога. Дзе, калі загінуў?
Ці малады, ці ўжо паспеў пажыць?
Мне вочы затуманіла слязіна:
А можа, гэта наш Васіль ляжыць?