Майму зямному Анёлу

Светлана Быкова
Мая ты матуля! Напэўна, з нябёсаў
Ты сілы бярэш у складанасцях лёсу?
Ды б’ецца ў грудзях тваіх сэрца анёла…
Ад гора – слязіначка скоціцца долу,
Ад радасці – свецішся сонейкам шчыра,
Нібыта расправіў анёл свае крылы.

Матуля! Да сэрца цябе прыхінаю!
Дачушкай завуся, пакуль ты жывая.
Калі ж у душы маёй сум ці трывога –
Ёсць побач падтрымка анёла зямнога:
І словам, і справай заўжды дапаможаш,
Цяплом ахінеш так, як іншы не зможа,
Часцінку і хлеба, і сэрца адломіш,
Працягнеш іх мне на старэнькай далоні…

Матуля мая! Як цябе мне аддзячыць?
У вечным даўгу застануся, няйначай…
Табе адкажу я любоўю, спагадай –
Хай стане жыццё тваё гэтым багата.

Жыві доўга-доўга, любімая маці,
Каб яркае сонца свяцілася ў хаце,
Каб клікала доўга мяне шчэ «дачушкай»,
І каб на Зямлі мяне голас твой гушкаў…


__________________________________________
(На фотаздымку – бацькоўская хата)