Снежань

Валерий Познякевич
Белым шалікам абвіты
Лес у роздуме стаіць.
Сыпле снежань аксаміты,
З аксамітаў вяжа ніць.

У мядзвежай, белай шубе
Думкі грэюцца зямлі.
У зімовым, снежным шлюбе
І пагоркі і палі.

Лёд скаваў вады цячэнне,
Кліча дзетак на каток.
Грэе думкі ў час вячэрні
Каля печы мой каток.

Ноч міне -- і сонца ўстане,
Заіскрыцца ў промнях снег.
Запрагу кабылку ў сані,
Што сумуе па вясне.

Звоняць бомы пад дугою,
Будзяць снег і будзяць лёс.
Палазы рыпяць зімою --
Іхні след у снег урос.