Плошча 2010

Валерий Познякевич
Новы год падмануты гірляндамі,
Як і горад ёлкаю на плошчы.
Людзі ад дубінак ніцма падалі,
Не знайшлі яны ля Храма прошчы.

Не ратуе вера нашу нацыю,
Не дае надзеі тым, хто верыць.
Носяць здрайцы ў камуфляжы рацыі,
Прымяняюць для разгону меры.

Б'юць дзяўчатак берцамі, дубінамі.
Б'юць народ, што хоча пераменаў.
Не баяцца, што пракляцці з кпінамі
Дасягнуць іх сем'яў, дзетак, генаў.

Як не сорам ім хадзіць з пагонамі,
Прыкрываць крывавы шчыт улады?
Тут прывыклі жыць людзей разгонамі,
Ды шукаць сярод народа здрады.

Прыдзе час -- усё навокал зменіцца:
Будзе воля кветкамі цвісці.
А пакуль насенне ў глебу сеецца,
Нам да праўды думкамі расці.