На парозе

Светлана Быкова
Адчыненыя дзверы. За спіной –
Дажджы, туман, скупыя сонца бліскі.
І цэлы свет ляжыць перада мной:
Нязведаны і прыцягальна-блізкі.

Я на парозе. Хутка час бяжыць,
Скразняк душу халодзіць, мерзне цела.
Здаецца, я не паспяваю жыць:
Паўгода, бы хвіліна, праляцела.

І разумею: трэба зачыняць
Хутчэй, каб не скразіла, лёсу дзверы,
І рухацца наперад. Хай дрыжаць
Ад стомы мае ногі. Толькі веру,

Што за парогам – свет надзей маіх:
Любові, дабрыні, цяпла, спагады.
Я зачыняю дзверы… Вецер сціх.
Наперадзе – дарог ляжыць багата.

Напружваю сардэчны зрок і слых,
Каб сэрцам улавіць падказкі неба:
Каторая ж безпамылкова з іх –
Мая дарога? – Мне чужой не трэба.

Мне б толькі шлях адзіны свой знайсці,
І цёмнай ноччу не згубіць дарогу,
Яе, нікому не пашкодзіўшы, прайсці.
Раблю я першы крок наперад…
                З Богам!..