Ласаванка

Ольга Маро
Сцюдзёнага ранку раптоўны загон:
Хвалюецца ў небе суполка варон –
Задушлівы енкат і пер’я клубы,
Нэрвова зрываюцца ў лёт галубы,
Вось лебедзь хавае ў пуху кавярзні.
– Вазьмі майго хлеба. Не мёрзні, вазьмі!
Праз сорам і голад забыўшы на ўсё,
Тры качкі чапаюць мяне за крыссё.
А дробнай сінічцы супроць халадам
Я сала адрэжу і семачак дам.
І хоць я шкадую яе і люблю –
Сініца ў далонь не даецца маю.

Што птушачка чуе, чаму я павінная
Ляцеці ў балоты свае жураўліныя,
Шукаці сцяжын пад яліны галінамі,
Ды багны рубінавай пад журавінамі.
Цукровая пудра пляце завірухамі,
Мятуць журавы яе зграбнымі рухамі,
Празрыстасцю крылаў, цікаўскімі шыямі,
Ды словамі пушчы дзівосна-птушынымі,
Каб зняці праклён прагавітага страўніка,
Каб з’есці адчаю свайго ўтаймавальніка.

Я ягады багны глынаю нашча,
Ні неба не трэба, ані гледача.
Дрыгва патрабуе нябеснай ракі,
Ды гоіцца з нечае лёгкай рукі.
Аскомаю горшай вяртанне ў астрог:
Трымціць на шчацэ журавінавы сок.
З мілейшае стомы, з вільготных ануч
Cмяецца сініца і трускае тлушч.
Праз ветра свістанне ў дзіравую скронь
Сініца у маю не даецца далонь.
Ды дзякуй за тое, што хоць я пяю-
Лятае сініца ў кармушку маю.