Вяртанне да дому

Станислав Маевский
Прыкачуся здалёк
трохі злы,  адзічалы
на бацькоўскі парог,
бы той зморшчаны яблык.
Абапруся на плот,
уздыхну, азірнуся.
Што сюды прывяло:
можа воблака-бусел?
Можа шэпты бяроз,
ланцужочкі сцяжынак,
стары млын, рэчка, мост,
у небе клін жураўліны?
Ды ўсяго не злічыць,
што ў сэрца запала…
Як слязьмі размачыць
хлеба чэрствы кавалак?
Як сяброў пазбіраць,
што маўчаць з фотаздымкаў,
на масток у стары парк?
Зоркі раніцай знікнуць
і ніводнай ўжо,
нават у рэчцы не зловіш…
Дык навошта  прыйшоў,
калі сам незнаёмы?