Вецер веснавы

Татьяна Эдарская
Блукае ў полі вецер веснавы,

Шукае, дзе б спачыць і супыніцца.

Але ад леташняй пасохлае травы

Не прарасла яшчэ зялёная травіца.

 

Прылёг бы ён на мяккую пасцель,

Паспаў – і зноў ускалыхнуў усё навокал.

Падняў віхор, нібыта карусель,

Пусціўся б, як танцор які, у скокі.

 

Але прылегчы месца не знайшоў.

Тады ён стаў шукаць сабе забаву:

Спачатку птушак да праталін вёў,

А потым  над галлём чыніў расправу.

 

Ён прашумеў над чыстаю вадой

Малой ракі, што ўецца праз бязмежжа,

Гуляў з бярозкай стройнай маладой

І быў бадзёрым, сонечным і свежым.

 

А потым хмарку цяжкую штурхнуў,

Прэч адляцеў – хаця б не намачыцца.

Схаваўся ў лес, прыціх і пазяхнуў:

У дождж усім заўжды выдатна спіцца!