Балада пра Свiцязь

Станислав Шастак
Там, дзе Свіцязі кужаль-туман малады,
Дзе дубоў шэраг стаў ганаровы
Дыяментамі перляць з рук кроплі вады,
Мёдам-слодычам роднае мовы.

Чараты, асака калыханку пяюць
На жвір жоўты кідаючы хвалі,
Калі сцішыш каня і прыпыніш твой пуць
Сказ пачуеш, што ўсе калісь зналі.

Бо на месцы, дзе сёння люстэрка вады
Неба чысты блакіт адбівае,
Свіцязь-горад прывольна аточваў груды
Жыў заможна ў Літвы вольным краю.

Мур яго ахінаў з чатырох аж старон,
Па вуглах сталі волаты-вежы,
Раніцой наваколле будзіў цэркваў звон,
Што сягаў і за горада межы.

Залатыя крыжы адбівалі святло
Сонца-месяца ранкам і ўночы,
Прыгажэй за сады, дзе ўсё дзіўна цвіло,
На зямлі шчэ не бачылі вочы

За півоні ярчэй, што расквецілі сад,
I званчэй ад салоўкіных спеваў
Былі золатам тканыя строі дзяўчат,
Галасы тых багінь-каралеваў.

Бо ніколі й нідзе, хоць аб'едзь белы свет
Не было прыгажэй Свіцязянак:
Вочы-зоры дарылі ўсім душам прывет
Твар прывабней, чым сонечны ранак.

А як выйдуць у свята яны на лужок
Лёгканогія, з постаццю гнуткай,
То лятуць і багі вод, лясоў у кружок
Адпачыць з імі хоць бы мінутку.

Аб іх слава прайшла ва ўсе свету канцы,
Каралёў ды цароў чаравала,
І ляцелі ў Свіцязь паслы ды ганцы
Заручыць, кааб ім жонкаю стала.

Бо няма кацяняці ласкавей за іх
А ў любошчах няма іх жарсцлівей,
Верны любаму аж па апошні ўздых
З імі быць--за багоў быць шчаслівей!

             *          *
                *

Ды не ўсякаму з правіўшых у той час цароў
Грэла сэрца цнатлівасць на волі,
Многа хто з іх жадаў іх у крэпасць муроў
Затачыць, каб не збегла ніколі.

Каб яму аднаму цёмнай ночкай і ўдзень
Даравала б яна асалоду,
Каб служыла яму, каб дала ў спёку цень
Сагравала б яго ў непагоду.

Каб не сніла пры ім роднай Свіцязі сноў,
Яму толькі была б у пакоры
Ды на ўцеху яму нарадзіла б сыноў,
Яго змену, як стане ён хворы!

Хан- Гірэй марыў гвалтам, мячом ды агнём
Паланіць тых красунь-свіцязянак,
Наляцець намячаў з пушчы той  Пяруном
Як на Яна чуць зоймецца ранак.

“Пасля свята Купалы будзе люд моцна спаць,
Вартавыя прыдрэмлюць у ранні,
Коням трэба травой капыты “падкаваць”,
Каб бязгучна ляцелі, бы здані!”

Так задумаў Гірэй, войску так  загадаў,
Напярэдадні сонцазвароту,
Каб у пушчы Плужынскай атрад ціха стаў
Ў дзень па Яну гатовы к налёту.


  *              *
    *

“Хлопцы, дзеўкі! Гэй, на свята!
Ў кучу ўсё знясём багата,
Аджыло што, адслужыла,
Душы, думкі атруціла.
Ды падпалім. Хай гарыць,
Марамі ізноў іскрыць:
З жыта ведзьміны заломы,
Кола, што з сухой саломы,
Запаліўшы, ў рэчку скоцім,
Ды Ярылы час скароцім,
Не спаліў каб луг-мурог,
Ураджай каб даў Даждж-Бог,
Назбіраем зёлак-кветак,
Што ўбіраюць наш палетак,
Іх на шулы мы разложым--
Тым скаціне мы паможам:
Спыняць зёлкі ведзьмака,
Каб не здойваў малака,
Ды не пудзіў гусак, кураў
Ў кажусе з тхаровай шкуры!”

А як полымя сканае,
Скочыць пара ды другая
Цераз вогнішча сумесна,
Рука ў руку, ды каб цесна
Потым стаць пад абразамі,
Як таго жадалі самі.
А калі чакаць вяселля,
Дасць адказ вянок, што з зелля
Прыгажуні выпляталі
Ды на плынь ракі пускалі:
Паплыве вянок да мора -
Быць вяселлю яе скора.

Кажуць людзі, на Купалу
Расцвітае кветка ў пушчы.
Папараць. У самай гушчы.
Цудаў можа і нямала
Тая кветка натварыць:
Ўраз навучыць гаварыць
Моваю звярынай стала,
Размаўляць на дрэваў мове,
Грошай дасць і дасць дастатку,
Прыбыцця штогод у статку,
Бачыць ворага ў дуброве.
Ды шукаць яе хто ж пойдзе?
Сэрца трэба мець без страху,
Бо нацерпіцца там жаху,
Той, хто ў пушчы яе знойдзе!

Сцерагуць яе тры цмокі,
Кожны з гада галавою,
Што пакрыта ўся лускою,
Ды на трох тры зыркіх вокі.
Ярка ў іх агнём палае
Жаўтавата свет зялёны,
Бы ў антычнае Гаргоны.
Каго позірк не міне
Ўтрупянее й самы смелы,
Стане, нібы з солі, белы,
Скамянее і засне.
Калі ж кветку хто сарве,
Ўраз раздасца рогат дзікі,
Крумкачоў ды кавак крыкі,
Што ўсю нечысць прызаве.

Ёсць адтуль адна дарога,
Як ты аб Радзіме дбаеш,
Кветку шчасця ёй шукаеш -
Лёс аддай у рукі Бога.
Прашаптаўшы: "Ойча наш",
Тры разы перахрысціся
І, каб з чортам не сысціся,
Нечысць крыжыкам настраш.

       *    *
          *

Ў святы вечар на Купалу,
За гадзіну да паўночы,
Бы дамоў, хадою сталай
Бордза Стась у лес пакрочыў.
Вочы зоркамі гарэлі,
Ўглыб трымалі накірунак
Хлапцу мары сэрца грэлі
Ды Алесін пацалунак.
Кветку-папaраць знайсці
Ён хацеў у лесе,
Каб з ёй шчасце прынясці
Гораду й Алесі.
Чуў ён, што з жывой вадой
Дзесь у пушчы ь крыніца,
Кветку ў поўнач знойдзе той,
Хто з яе паспеў напіцца.

Стась у лесе быў,як дома,
Бо схадзіў дарог нямала,
І была яму вядома
Там крынічка, што бруяла
З-пад карэння грушы дзікай.
Там наўкол ялінаў шаты,
З імхоў, дзеразы пагоркі,
Дзе праходзіць лось сахаты,
Як агеньчык, хвост вавёркі
Па галінах пралятае -
Там і ёсць вада жывая.

Вось і груша. На калені
Стаў хлапец, перахрысціўся,
Ўзяў вадзіцы поўны жмені,
І пад пеўня спеў напіўся.

Пушча разам ажыла,
Нібы сонца зноўку ўстала -
Гэта кветка расцвіла,
Святлом нечысць разагнала.

Стась яе сарваў хутчэй,
"Ойча наш" сказаў--і ходу,
Чым падалей ад вачэй
Рознай пошасці ды зброду.

       *     *
          *
Стась спяшаў хутчэй дамоў,
Страху ж выцерпеў нямала,
Раптам чуе гукі слоў,
Ржанне коней, звон кінжалаў.

Потым бачыць Гірэй-Хана,
Ля яго яшчэ там віцязь,
Разважаюць, як ім рана
Захапіць з налёту Свіцязь.

"Горад зруйнаваць з зямлёю,
Цэрквы ўсе спаліць, касцёлы,
Скарбы ж, як і ўсё жывое,
Войскам аблажыць наўкола!

Старых, хворых - ўсіх пасекчы,
Дзецюкоў прадаць рабамі,
Каб ніхто не здолеў збегчы,
Ўсіх скаваці ланцугамі.

Свіцязянак жа асобна
Вартаваць надзейнай вартай,
Бо яны да львоў падобны,
Як прыгожы, так і ўпарты.
Каб не збеглі па дарозе,
Ці з сабой што не зрабілі..."

Стась ачнуўся. У трывозе
Пастаяў яшчэ з дзве хвілі
Ды хутчэй пабег у горад,
Весткі каб успець данесці
Ды адбіць навалу й гора,
Ці загінуць ўсім на месце.

         *     *
            *
З кветкаю бачыў ён  і разумеў
Ўсё, што жыло на абшары:
Дзесьці хавалася ў пушчы між дрэў
Крымскае гора - татары.
Выбег ён з лесу, падбег да агню--
Ўраз змoўклі спевы і скокі,
Голас яго узарваў цішыню,
Ад хвалявання высокі:
"Кідайце ўсё тут! – такі яго сказ,--
Гулі і спевы да рана,
Гора з'явілася ў госці да нас:
Войска бязбожнае хана.
Ў Божыя рукі кладзём мы наш кон,
Будзем да смерці ўсе біцца!
Ў Свіцязь спяшайце ды біце у звон
Цэрквы Міколы званіцы!"

Рушылі ўсе, а вянкі паплылі
Шчараю ў Нёман ды ў мора.
Многа нядолі на нашай зямлі,
Многа няпраўды ды гора.

Людзі! Чаму даў вам Бог лёс такі,
Каб усё сілаю браці?
Родныя ўсе мы! Ў сівыя вякі
Ева была нашай маці!

Хто і калі навучыў вас паліць,
Секчы, і рэзаць, і рушыць?
Узмахам мяча абрываць жыткі ніць,
Ад целаў веяць прэч душы?

          *      *
             *

Горада сон абарваў немы крык:
Плач і праклён Свіцязянак.
Сон як рукою зняло-- недзе знік.
Чорным стаў сонечны ранак.

Горад стаяў і чакаў на мурах,
Ў лесу ўглядаўся абшары...
Можа, навала другі знойдзе шлях,
Ды пройдуць міма татары?

            *     *
              *      
Не хацеў, а ці  не змог
Рады даць Бог гэтай сіле,
З чатырох ажно дарог
Войскі горад аблажылі.

І драбіны-- да сцяны,
Коней ржанне, бразгат, крыкі
Мурашамі там яны
Лезуць на шчыты і пікі.

Ды мурашнікам з ахвяр
Муры Свіцязі паўсталі,
Бо сустрэў татараў вар
Ды смалы гаручай хвалі.

Стрэлы, нібы авадні,
Джалілі татараў роем,
Так тры ночы і тры дні
Даў Бог выстаяць героям.

Ды такі ўжо, мабыць, лёс.
Акурат к заходу сонца
Вестку галубок прынёс,
Што чакалі ўсе бясконца.

Князя лідскага рукі
Почырк непрынёс падмогу,
Бо пісаў, што крыжакі
Аблажылі ў ноч дарогу.

Болей выйсця не было.
Горад адчыніць татарам?
"Не!"- грамадства загуло. -
Лепей спапяліць пажарам
Горад і саміх жывымі,
Дзікуноў чым стаць рабамі!
Лепш памерці на Радзіме,
Чым засеяць свет касцямі!"
 
         *      *
             *      

Правілі ў цэрквах імшу святары
З золата ўздзеўшы арнаты,
Ў цэрквы апошнія йшлі ваяры
Ўбраўшыся, нібы на святы.

Ў строях святочных - дзятва і жанкі,
Ў вэлюмах белых - дзяўчаты,
Бога маліць, калі лёс іх такі,
Хай прыме ў райскія шаты.

Тое жаданне ў малітву прынёс
Шчырае кожны да Бога.
Гэткага жалю і моры тых слёз
Хай абмінуць нас, нябога!

Сціхлі малітвы, і скрозь сіні дым
Многіх дзясяткаў кадзілаў
Ўзнікла выява анёла, і ім
Госпада вырак звясціла.

"Папараць-кветка сягоння між вас
Шчасце дасць вашаму роду,
Бо, як прасілі, у поўначы час,
Знікне ўвесь горад пад воду.

Болей не будзеце ведаць бяды!
Толькі, каб чараў пазбыцца,
Трэба, каб хлопец прыйшў малады
Ў ноч на Купалу напіцца.

Толькі да вуснаў ваду паднясе--
Папараць-кветка нанова
З возера Свіцязь наверх узнясе,
Вернуцца памяць і  мова!"

Толькі сказаў ён-- і певень запеў,
Зніклі і вежы, і горад...
Свіцязі-возера хвалі між дрэў
Нам аб тым цудзе гавораць.

Ў ноч на Купалу, кажуць, агні
Бачылі людзі ў бяздонні
Песні, малітвы і ў глыбіні
Чулі царкоўныя звоны.

Ў ночку святую там месяца рог
Сцеле па хвалях дарогу
Віцязю смеламу, каб толькі змог
Душы вярнуць пану Богу.

Свіцязі люстра ў белым тумане,
Варта з дубоў ганарова...
Божа найсвентшы, калі ўжо стане
Роднай нам маміна мова!