Пад зялёнай гарой паэма эпiлог

Юрий Боровицкий
ПАД ЗЯЛЁНАЙ ГАРОЙ

Паэма

Эпілог

1.

Даўно ўжо зведана бяда,
І гора горкае, й сумота…
Дзе жыў калісьці, – лебяда,
Таму і ехаць неахвота –
У край засмучаных пяскоў,
У край бацькоў, у край дзядоў,
У край, дзе стыне ў жылах кроў,
Што больш не ўбачу я ніколі
Ні брата роднага свайго,
Ні цёткі, што жыла ўдавою…
Там лебяда расце па полі,
Ды дзесь шумяць над галавою
Дубы й алешнік. Над чыёю?

2.

Так даўно не быў у сваім Будзішчы,
Дзе калісьці жыў, хоць не кахаў.
А яно – каханне, можа, будзе шчэ,
Ці то я сваё – адгараваў?

І тады паеду зноў у Будзішча,
Дзе калісьці жыў і піў ваду
Я з таго калодзежа, што будзе шчэ,
Будзе шчэ жывы, калі прыйду.

І няма суседзяў, бо памерлі ўсе:
І Сцяпан, і Машка, і Галёк…
А ля студні ўсе прыступкі сцерліся,
І вядро – бы скрыўлена на бок.

І заплачу горка каля хаты я –
Не сваёй, сваёй яна была.
Толькі вербы туляцца касматыя
Да майго любімага сяла…

3.

А вочы – змучылі сябе,
Мае не выспаліся вочы,
І ў зорнай неба варажбе
Лячу з вачыма тымі ўночы.

Здаецца, выпіў бы глыток
Вачамі-зорамі сінечы,
Бы неба ў жыце – васілёк,
Што падарыў я пры сустрэчы

Табе, радзімая зямля,
Маленькая мая Айчына.
Прымі ж ты песню жураўля –
Табе аддадзенага сына.

Сустрэча тая так даўно,
Даўно была, што як заснеш ты?
Таму і п’е са мной віно
Прастор вачэй маіх бязмежны.

3.

Дождж пайшоў,
І ноч – навокал.
Я пішу свае радкі,
Покуль жыў яшчэ я,
Покуль,
І пакуль я – трапяткі,
Як той дождж,
Што б’е – у вокны,
Не дае ні спаць,
Ні жыць.
Зноў мой твар
Нібыта мокры,
І нібы – сляза бяжыць…

4.

Калі тамлюся зноў ад адзіноты,
Тады я да цябе бягу хутчэй.
У позірку тваім такія ноты,
Што заспявае нават салавей!
А колькі дабрыні ў табе і ласкі,
Што нават сэрца стылае маё
Вяртаецца як быццам бы – у казку,
Ці то ў дзяцінства з водарам гаёў.
Калі тамлюся я ад адзіноты
І ад гаркоты жудасных начэй,
Бягу я да зямлі сваёй пяшчоты
Хутчэй, хутчэй, хутчэй… яшчэ хутчэй.

5.

Калі такая ў цемры ноч,
Дзе снежань сцішаны разліўся,
То ў думках кроч, паэт, і кроч
Да тых мясцін, дзе нарадзіўся,
Дзе пахаваны бацька твой,
Дзе спіць пад снегам сенажаць.
А на душы – сляпы спакой,
Як быццам думкай праараць
Мінулае – зусім не боль,
А толькі нейкая спакуса.
Калі такая ноч, дык соль –
Увесь той снег для беларуса.

6.

Стамілася душа мая, прастыла,
Што нават голас нізкі стаў ніжэй.
Ці то яна ад адзіноты выла,
Ці, можа быць, спяшалася хутчэй
Пакінуць свет, што не прыняў паэта
І злосным быў хабарнікам і біў
За проста так, не за паэму гэту,
Якую ён з душы сваёй згубіў?..