Падпоуня зноу. I спала спёка...

Юрий Боровицкий
***
Падпоўня зноў. І спала спёка
Пасля ўчарашняга дажджу.
І Дух Святы зрабіў прарока
З апостала. Я з ім сяджу

І слухаю, як салаўіны
Пяшчотны посвіст цешыць сад,
Як на гары, дзе залеж гліны,
Сабака брэша неўпапад.

І што мне той прарок адкажа
На погляд мой? Сядзім, маўчым.
Туман на травы хутка ляжа,
А ён не дзеліцца нічым.

Успамінае, як калісьці
На вокны ставілі аер
З расою на пахучым лісці…
Ці ставіць хто яго цяпер?

Святая Тройца – сутнасць Бога:
Айцец, і Сын, і Дух Святы.
Падпоўня. Ноч. Прарок. Дарога.
Душа, з якою ты – на ты.

16 чэрвеня 2019 г., Тройца