Цэлы дзень стаяла духата...

Юрий Боровицкий
***
Цэлы дзень стаяла духата.
Крапнуў дожджык вечарам маленькі.
Вершыка святая прастата –
Без гандлёвай выгаднай нацэнкі.

Не крычу, які я беларус
І з якога княства буду родам.
Калі мову ўзяць, дык я – індус,
А калі не браць, дык я – з народам.

Я жыву, дзе мой народ жыве.
А гаворку слухаю: індусы!
Не шукаю гуза галаве,
Як і ўсе амаль што беларусы.

Ці ліцьвін я? Мабыць, не ліцьвін.
З Радашковіч, не з Еўрасаюза.
Беларускі я люблю язмін,
Як і ён мяне, як беларуса.

Цэлы дзень стаяла духата,
Крапнуў дожджык вечарам маленькі.
Вершыка святая прастата
Без гандлёвай – з выгадай – нацэнкі.

21 чэрвеня 2019 г.