Памяць

Карпенка Аляксей
Зьнікае па кропельцы памяць –
Сьцякае ў бясчасую гладзь.
Ашчэрыцца ноч пацукамі,
Зларадства ня ў змозе стрымаць.

Накрые манаскаю расай
І ўчора, і сёньня тваё –
Шматкі каляндарнага часу,
Парослыя ссохлым быллём.

Мяжу між сягоньня і ўчора
Змывае гадоў каламуць
І маніць, што нешта паўторыць,
Што лепшае можа вярнуць.

Абрысаў бясколерных плямы
Залепяць прытомлены зрок.
Згубіўшы маяк і напрамак,
Учасна, нібы назнарок,

Па звычцы старой і знаёмай,
З тугім вузялком на плячах
У водгук сыходзіць сьвядомасьць –
А мо і на пенсію час?

А ты заставайся да скону
Ва ўласнай бясконцай начы
За тое, што самаўлюбёна
Відушчым сябе палічыў.

23.09.2018