У акне маiм вячэрнiм...

Юрий Боровицкий
***
У акне маім вячэрнім
Маладзік. Імжыць.
Хоць паэзія – мучэнне,
Без яе не жыць.

То за хмары зойдзе месяц,
А то зноў блішчыць.
Ціха льецца мая песня,
У душы гучыць.

З месяцам плыве па небе
Зорным, як язмін,
Пераходзіць горны грэбень,
Ці ляціць, як клін

Жураўліны. Успаміны
Крыламі нясе –
Ці пра горкі смак рабіны
Раннем у расе,

Ці пра тое, як кахала
Сэрца сум вачэй,
Ці пра тое, як не стала
Радасных начэй.

У акне маім вячэрнім
Маладзік... Імжыць...
Дзякуй Богу за мучэнне,
Каб з натхненнем жыць.

07. 07. 2019 г.