Залатымi шарамi рудбекiй...

Юрий Боровицкий
***
Залатымі шарамі рудбекій
Мяне ліпень правёў за парог.
Я запомню той ліпень навекі,
Бо ў мяне гасцяваў тады Бог.

Аблачынкай за лес адплывае
Ліпень жоўты, як ліпавы мёд.
У жыцці не ва ўсіх так бывае,
А часцей, – што радкоў недарод.

А часцей, што не ўспомніш нічога:
То разлука, то дождж без канца.
Ну, а сёлета, нібы святога,
Шанаваў ён мяне, як тварца.

За парог мяне ліпень праводзіць
Залатымі шарамі вачэй,
Абдымае, і словы знаходзіць,
І кранаецца небам плячэй.

31 ліпеня 2019 г.