Белавежжа

Ярослав Потоцкий
У лугах i дубровах стаiць Белавежжа
Ў атачэннi легендау сiвых.
Край бiтваў краiн, векавое памежжа,
I разам жа  – Стожар для сэрцаў малых.

Карэнне таемных дубоў векапомных
Стравуюць сабою мiнуўшчыны сны,
З размахам галiн, з стаццю комляў нязломных
Звыклiся сталець Белавежжа сыны.

Ускармлёныя з дзiдаў крывавых ад веку,
Успаёныя з келiхаў веры святых,
Пазналi яны: цяжка стаць чалавекам,
I – ўспомнiць, i – помнiць аб крылах сваiх.

Пад ветрамi лёсу крылатыя мары
Iмкнуць у скрыжаванне нябесных шляхоў,
I ясна вiдаць з тых узнёслых абшараў
I крыж на рамёнах, i безлiч грахоў.

З тае вышынi, як нiдзе, разумееш,
Што крылы – не толькi, каб узняцца, а – ўзняць,
I, рушачы долу, ты ледзьве паспееш
Да краю, што здолеў так доўга чакаць.

Той край… Белавежжа, калi твае хвоi
Ўранку працялi ўздоуж краявiд,
Мне бачацца велiчных ратушаў мроi,
Мястэчкаў i местаў ажыўшы гранiт.

Калi тваё неба, у белых аблоках,
Стане пярэстым ад птушкавых стай –
Я бачу бег лiтар па ломкiх старонках,
Кнiжнiкаў узнёслыя спрэчкi за рай.

Калi твае волаты-зубры з дазорам
Па мхах i стагоддзях няспынна iдуць,
Я бачу iх вочы – маўклiвым укорам
Iх позiрк сумлення не змог не крануць.

Паэтаў, герояў паплечнiкаў верных,
Свабод абаронцаў i праўды сыноў,
Магутных у бiтвах, i з тым – мiласэрных –
Цi дачакаецца край той iзноў?

Пакуль жа на цэглу цэглу далонi
Руплiва ўзносяць, мурам тым – стаяць…
Сыноў Белавежжа, нашчадкаў Пагонi
Ўвек не разбiць, не спынiць, не стрымаць!